Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 студзеня нарадзіліся паэткі Канстанцыя Буйло і Вера Вярба


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 14 і 15 студзеня

14 студзеня – стары Новы год. Ён адзначаецца паводле юліянскага календара, або паводле старога стылю. У народзе гэты дзень называлі Васільлем. Лічылася, што ўсё, што ні робіцца 14 студзеня, робіцца ўпершыню. І той, хто апярэдзіць астатніх (напрыклад, першы прынясе са студні вады), той увесь год і ва ўсіх справах будзе наперадзе.

14 студзеня 1893 году ў Вільні нарадзілася беларуская паэтка Канстанцыя Буйло. Яе юначы верш “Люблю” стаў папулярнай песьняй, мэлёдыя якой, у сваю чаргу, ужо шмат гадоў пачынае перадачы Беларускай службы Радыё Свабода.

14 студзеня 1916 году прыйшоў на сьвет беларускі ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі. Шмтагадовы пробашч касьцёла ў Вішневе на Валожыншчыне, айцец Чарняўскі меў нязьменнае крэда: “Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове”, пераклаў на беларускую мову Біблію.

14 студзеня 1920 году нарадзіўся беларускі паэт Мікола Аўрамчык, які большую частку свае літаратурнае працы прысьвяціў аддзелу паэзіі часопіса “Маладосьць”. Зусім нядаўна Мікола Аўрамчык апынуўся ў цэнтры скандалу вакол аўтарства ананімнае паэмы “Сказ пра Лысую гару”. Іншы паэт, Ніл Гілевіч, даказвае, што ён – адзіны аўтар паэмы, а Аўрамчык аспрэчвае гэта і патрабуе прызнаць яго суаўтарам.

І яшчэ адна паэтычная дата. 14 студзеня 1942 году нарадзілася Вера Вярба. Гэтаксама як песьня “Люблю” на верш Канстанцыі Буйло стала народнай, сапраўды народнай стала і песьня на словы Веры Вярбы “Ручнікі”. Памятаеце, тая, што пачынаецца словамі “У суботу Янка ехаў ля ракі, пад вярбой Алёна мыла ручнікі”. Калі паверыць лёгіцы календара, дык можна дапусьціць, што і сёньня ў Беларусі, можа быць, нарадзілася паэтка, якая некалі напіша яшчэ адну песьню, якая таксама стане народнай.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

15 студзеня 1926 году ў Вільні выйшаў першы нумар беларускага ілюстраванага сатырычнага часопіса “Маланка”. Першым чынам ён высьмейваў палітыку польскіх уладаў у акупаванай імі Заходняй Беларусі, за што ўрэшце быў закрыты.

15 студзеня 1946 году ў Менску пачаўся судовы працэс над ваеннымі злачынцамі нямецкай арміі. 14 фашыстоўскіх генэралаў і афіцэраў былі прысуджаныя да сьмяротнае кары. Прысуд будзе выкананы 30 студзеня.

Сярод знакамітасьцяў, што нарадзіліся 15 студзеня, згадаем францускага драматурга Мальера і беларускага інжынэра, матэматыка Францішка Нарвойша. Нарвойш нарадзіўся ў 1742 годзе. Ён найбольш праславіўся тым, што ў другой палове 18 ст. кіраваў расчысткай рэчышча Нёмана ад парогаў. Тады было падарвана каля трох мільёнаў валуноў. Пасьля гэтага Нарвойш рабіў машыны і варштаты для гарадзенскіх мануфактур, а тады стаў прафэсарам Віленскай акадэміі і першы ў нашых краях стаў выкладаць вышэйшую матэматыку ды выхаваў цэлае пакаленьне матэматыкаў, фізыкаў, астраномаў.

15 студзеня 1908 году нарадзіўся Заір Азгур – мусіць, галоўны беларускі скульптар ХХ ст. Большасьць Ленінаў, Сталінаў, якія стаялі і стаяць на беларускай зямлі, зробленыя менавіта Азгурам. Але ёсьць сярод ягоных твораў і помнікі дзеячам культуры. Напрыклад, помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах або вядомы ўсім Якуб Колас у Менску.
XS
SM
MD
LG