Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гасподзь за вас ня зробіць


Алесь Аркуш, Полацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Дзеда “па кудзелі” я ніколі ня бачыў – у вайну яго да сьмерці зьбілі немцы. Быў дзед, падобна, асобай моцнай, упартай і працавітай. У маладосьці, яшчэ да кастрычніцкага сьветаперайначаньня, ён зьезьдзіў у Амэрыку на заробкі. Вярнуўся ў родныя мясьціны, ажаніўся, набыў зямлю, паставіў хату на хутары побач з возерам. Але шчасьліва пажыць не далі. Неўзабаве прыйшлі бальшавікі і запатрабавалі ліквідаваць хутар. Ён – нізавошта. Тады дзеда арыштоўваюць і вязуць у барысаўскую вязьніцу. Дзякуй Богу, быў яшчэ не 37-ы год – нічога “не прышылі”. Пасьля вязьніцы дзеда месяц на печы адпойвалі малаком. Але свайго хутару ён усё адно не пакінуў. Такі вось лёс – для ўсіх уладаў, пры якіх выпала яму жыць, быў чужым, амаль ворагам. Пасьля сьмерці гаспадара бабуля засталася з васьмю дзецьмі на руках. Працавала і ўдзень, і ўночы. Галадалі, але дзедаў імянны пярсьцёнак не прадала, пазьней перадала ў спадчыну самаму працавітаму сыну.

Па сьцежцы сярод жыта іду да дзедаўскага хутару. Бабуля завіхаецца на двары. Адразу вядзе карміць. Яечня і бульба зь печы, сала, жур у місе, які трэба есьці лыжкай. Распытвае: “Як бацькі?” Адказваю: “Бацька другі дзень у гаражы машыну рамантуе, маці закаткі робіць”. Бабуля пры гэтым не прысядзе ні на хвілінку – уся ў хатнім клопаце. Маленькая, сухенькая. Пачула адказ. “Правільна, Гасподзь за вас ня зробіць”. На імгненьне прыпынілася і зноў за работу.

Гасподзь за вас ня зробіць. Трэба меркаваць, гэта было й дзедава любімае выслоўе. Маўляў, нічога само сабой не паўстане, Гасподзь можа паспрыяць, але ня зробіць за цябе. Калі нечага жадаеш – дамагайся ўпартай працай. Але, як засьведчыў досьвед дзеда, існаваньне вольнай роднай краіны – ці не асноўная перадумова твайго шчасьця.
XS
SM
MD
LG