Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Павышэньне цэнаў на расейскі газ: хто вінаваты і што рабіць?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 12 студзеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і аглядальніца газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак.

(Валер Карбалевіч: ) “Заключэньне кантракту на пастаўкі расейскага газу ў Беларусь у новым годзе стварылі пэўнае напружаньне як у беларуска-расейскіх дачыненьнях, так і ў беларускай эканоміцы. На паседжаньні ў аўторак Лукашэнка выказаў шэраг папрокаў на адрас Расеі, якая быццам бы не выконвае дамоўленасьцяў пра роўныя цэны для расейскіх і беларускіх спажыўцоў. Прычым, на ягоную думку, вінаваты ў гэтым не “Газпром”, а менавіта Крэмль. Такія папрокі гучаць ужо другі раз, першы раз кіраўнік Беларусі нэгатыўна выказаўся адносна палітыкі Расеі ў зьвязку з цэнамі на пастаўку газу ў Беларусь 31 сьнежня мінулага году.

Чым выкліканыя такія прэтэнзіі на адрас Расеі? Ці то Лукашэнка хоча перавесьці стрэлку на Расею за эканамічныя цяжкасьці, якія могуць напаткаць у зьвязку з гэтым беларускую эканоміку? Ці то пад уплывам украінскіх падзеяў беларускі кіраўнік прыйшоў да высновы, што роля Беларусі ў замежнай палітыцы Расеі ўзрастае, і хоча скарыстацца гэтым чыньнікам?”

(Валер Дашкевіч: ) “Па-першае, усе гэтыя папрокі, якія Лукашэнка выказаў на адрас Крамля і “Газпрому”, ня маюць пад сабою ніякага эканамічнага грунту. Я, увогуле, не разумею, чаму ў Беларусі загаварылі, што цана на расейскі газ стала большай на 18%. На самай справе, гэтая цана засталася ранейшай: 46,68 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Таксама нязьменнымі засталіся тарыфы на транзыт.

Гэтае непаразуменьне, якое адлюстраванае ў меркаваньні беларускага боку, што “Газпром” павінен быў зьнізіць цану на газ коштам падатку на даданую вартасьць (ПДВ). Што такое ПДВ? Гэты падатак — унутраная справа любой краіны. Яго можна браць у памеры 18%, як цяпер, альбо 25%, альбо 36% — колькі заўгодна. А можна ня браць увогуле, і тады цана на газ для беларускіх спажыўцоў застанецца ранейшай. Замежных краінаў гэта ніяк не датычыцца.

Калі Расея прыняла рашэньне перайсьці ў гандлі зь Беларусью на спагнаньне ПДВ па краіне прызначэньня, то гэта значыць, што Расея прызнала нас замежнай краінай. І ўсе ранейшыя дамоўленасьці аб стварэньні роўных умоваў гаспадараньня для расейскіх і беларускіх гаспадарчых суб’ектаў страцілі сілу. І Беларусі не датычыць, якім чынам Расея будзе браць падаткі з “Газпрому” ў свой бюджэт.

У гэтым годзе цана на газ для расейскіх спажыўцоў вырасла, і для пятага поясу яна роўная прыкладна 48,5 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Гэта значыць, што для спажыўцоў у Смаленскай вобласьці ён будзе даражэйшы, чым для Беларусі”.

(Тацяна Манёнак: ) “Такая эмацыйная рэакцыя Лукашэнкі выклікана тым, што ён добра разумее палітычную цану гэтага падаражаньня расейскага газу. Для беларускай эканомікі гэта будзе каштаваць 120–140 мільёнаў даляраў. І ўрад думае, як гэта кампэнсаваць. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што больш чым на 5 даляраў тарыфы на камунальныя паслугі для насельніцтва павышацца ня могуць. Да таго ж усьлед за павышэньнем цэнаў на газ адбудзецца павышэньне цэнаў і на сыравіну.

Дарэчы, Эўропа атрымлівае сёньня прыродны газ дзесьці за 140 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. А нашая суседка Літва плаціць 92 эўра за 1 тысячу кубамэтраў. Таму ў параўнаньні з гэтым Беларусь мае вельмі спрыяльныя ўмовы.

У канцы мінулага году віце-прэм’ер Кабякоў адзначаў, што ўрад абмяркоўваў пытаньне аб адмове ад спагнаньня ПДВ для беларускіх прадпрыемстваў. Але ёсьць пагадненьне з Расеяй аб тым, што калі ПДВ не спаганяюць у Беларусі, то яго будуць браць у Расеі. Акрамя таго, бюджэт жа ўжо падлічаны з умовай гэтага падатку. А ПДВ ёсьць бюджэтаўтваральным. І безь яго цяжка ўраду будзе выканаць свае сацыяльныя абавязацельствы”.

(Дашкевіч: ) “Вось спадарыня Манёнак адзначыла, што ў выніку новага газавага пагадненьня Беларусь губляе 120–140 мільёнаў даляраў. А дзе мы іх губляем? Гэтыя грошы губляюцца ўнутры краіны, у працэсе пераразьмеркаваньня паміж прадпрыемствамі й бюджэтам. А Расея да гэтага ня мае ніякага дачыненьня. Цана на расейскі газ засталася ранейшая. І беларускім уладам вырашаць, ці браць гэтыя грошы ў памеры ПДВ (18%) у дзяржаўны бюджэт, ці пакідаць іх прадпрыемствам”.

(Карбалевіч: ) “Падчас нарады ў аўторак Лукашэнка выказаў папрокі й на адрас ураду за тое, што ён не дамогся на перамовах з “Газпромам” падвышэньня кошту транзыту расейскага газу празь Беларусь. І гэтыя папрокі гучалі ў такой форме, нібыта, беларускі ўрад ператварыўся ў філіял “Газпрому”. Ці мае рацыю Лукашэнка, вінавацячы свой урад?”

(Дашкевіч: ) “Усё тое, што паказала ў аўторак Беларускае тэлебачаньне, — гэта невялікі іміджавы спэктакль для насельніцтва. Таму што гэты кантракт з “Газпромам” ня мог быць падпісаны бяз згоды самога Лукашэнкі. І ён добра ведаў гэтыя ўмовы, калі даваў згоду. І цяпер кіраўнік дзяржавы спрабуе знайсьці вінаватых у будучых эканамічных цяжкасьцях.

Цана на газ цесна зьвязаная з коштамі на транзыт газу. І калі б Беларусь паспрабавала павышаць цэны на транзыт, то адпаведна ўзрасла б і цана на газ. І тут ужо спадарыня Манёнак казала, што ў Эўропе, напрыклад, для Вугоршчыны, Чэхіі, Польшчы газ каштуе прыкладна ў тры разы даражэй”.

(Манёнак: ) “Кіраўнік дзяржавы хоча выглядаць абаронцам нашага насельніцтва. І яму ўдаецца знайсьці ў гэтай сытуацыі “стрэлачніка”. Давайце згадаем, як цяжка ішло падпісаньне кантракту аб пастаўках газу на 2004 год. Тады ўсе гэтыя варыянты аб узаемазалежнасьці кошту газу і транзыту былі падрабязна абмеркаваныя і прааналізаваныя. І ўжо зразумела, што калі Беларусь закране кошты на транзыт газу, будуць павышаныя і кошты на газ.

Паводле пагадненьняў 2002 году роўныя цэны на газ для расейскіх і беларускіх спажыўцоў былі абумоўленыя абавязацельствам беларускага боку прыватызаваць “Белтрансгаз” на карысьць “Газпрому”. А цяпер нават размовы аб гэтым сьціхлі”.

(Карбалевіч: ) “Якія можа мець наступствы для беларускай эканомікі падвышэньне цэнаў на газ? З нарады ў Лукашэнкі вынікае, што беларускія прадпрыемствы будуць плаціць за газ 72 даляры за 1 тысячу кубамэтраў. Ці вялікі гэта цяжар?”

(Дашкевіч: ) “Хацеў бы заўважыць, што беларускія прадпрыемствы ў сярэдзіне 1990-х гадоў атрымлівалі газ па значна больш высокіх цэнах: каля 80 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Толькі пазьней, калі Беларусь паабяцала прыватызаваць “Белтрансгаз” з удзелам “Газпрому”, цана на газ была паніжаная. Розныя прадпрыемствы адчуюць рост кошту на газ па-рознаму. Энэргаёмкім прадпрыемствам будзе цяжэй. У сярэднім энэргія займае у сабекошце прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў каля 12–13%. І падвышэньне гэтага паказчыку на 2–3% ня будзе вельмі цяжкім.

Але для прадпрыемстваў зьявіцца ў гэтым годзе яшчэ некалькі расходных чыньнікаў, якія могуць пагоршыць эканамічнае становішча прадпрыемстваў. Найперш гэта праграма павышэньня заробкаў у сярэднім да 250 даляраў. Гэта каля 20–25% росту. А заробак займае ня меншую ўдзельную вагу ў агульным сабекошце прадукцыі. Акрамя таго, узьнікне шмат праблемаў з ПДВ. Праблема ў тым, што кантрактныя цэны, якія заключаныя паміж беларускімі й расейскімі прадпрыемствамі, ня будуць пераглядацца з улікам новага парадку спагнаньня ПДВ па краіне прызначэньня. І калі Расея будзе браць ПДВ зь беларускіх тавараў у свой бюджэт, то сабекошт гэтых тавараў павысіцца. Таму нам давядзецца ў 2005 годзе перажыць пэўны цэнавы шок”.

(Манёнак: ) “Безумоўна, у гэтым годзе сытуацыя будзе больш складаная, чым ў 2004 годзе, які быў спрыяльным для беларускай прамысловасьці. Праблема ў тым, што на газавае падаражаньне наклалася падаражаньне сыравіны ў зьвязку з новымі правіламі спагнаньня ПДВ. Лукашэнка сказаў на паседжаньні, што нашыя канцэрны “Белэнэрга”, “Белтопгаз”, “Белтрансгаз” павінны зьняць лішні тлушч. Але ў гэтых канцэрнах былі зьвёрстаныя інвэстыцыйныя праграмы. І цяпер усё гэта можа парушыцца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, кожны год павышэньне цэнаў на расейскі газ стварае праблемы для беларускай эканомікі — што сьведчыць пра чульлівасьць беларускай эканомікі да любых зьнешніх узьдзеяньняў. І гэта дае падставы сумнявацца ў росквіце беларускай эканомікі. А менавіта ў гэтым увесь час спрабуюць упэўніць афіцыйныя СМІ”.
XS
SM
MD
LG