Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады пачалі выконваць загад Лукашэнкі пра забарону выезду дзяцей на аздараўленьне за мяжу


Алесь Дашчынскі, Менск Паводле распараджэньня адміністрацыі прэзыдэнта ад 1 студзеня забаронены выезд на аздараўленьне за мяжу школьнікаў зь Беларусі ў часе вучобы. Такім чынам беларускія ўлады пачалі рэалізацыю загаду Аляксандра Лукашэнкі, які 17 лістапада ў Нацыянальным сходзе загадаў зьвесьці “ня проста да мінімуму, а практычна да нуля” выезд дзяцей на аздараўленьне за мяжу.

У Міністэрстве адукацыі Радыё Свабода пацьвердзілі, што паступіў ліст за подпісам кіраўніка справамі прэзыдэнта Генадзя Лаўрэнкова. Тлумачыць намесьнік начальніка ўпраўленьня замежных сувязяў мінадукацыі Генадзь Пяцігор.

(Пяцігор: ) “Да нас паступіў ліст з кіраўніцтва справамі прэзыдэнта адносна таго, што са студзеня месяца гэтага года перапыняецца выезд дзяцей на аздараўленьне за мяжу ў вучэбны час, акрамя хворых дзяцей, сьпісы якіх узгадняюцца ў міністэрстве аховы здароўя”.

Ужо зьявіліся і першыя пацярпелыя ад гэтага распараджэньня. Дзеці са школ-інтэрнатаў Гарадзенскай вобласьці, якія павінны былі накіравацца на аздараўленьне ў Італію ў сярэдзіне лютага, сёньня не атрымалі дазволу ад Міністэрства адукацыі.

Раней яны бесьперашкодна выяжджалі па лініі дабрачыннай арганізацыі “З надзеяй у будучыню”. Іх заўсёды суправаджаў настаўнік, які забясьпечваў неабходныя заняткі.

Як цьвердзяць адмыслоўцы, менавіта тыя арганізацыі, якія супрацоўнічаюць з Італіяй найперш пацерпяць у выніку гэтага рашэньня, бо менавіта гэтая краіна была звычайным месцам аздараўленьня беларускіх школьнікаў цягам усяго года.

Паводле кіраўніка Беларускага дабрачыннага фонду ”Дзецям Чарнобыля” Генадзя Грушавога, цяпер ня змогуць паехаць за мяжу як найменей 25 тысяч школьнікаў зь Беларусі. Усе дабрачынныя арганізацыі маюць пагадненьні са сваімі замежнымі партнэрамі, гаворыць Генадзь Грушавы.

(Грушавы: ) “Гэтыя дамовы не перагледжаныя, мы нават не пасьпелі папярэдзіць, што ўсё, дзеці ў гэты вучэбны год езьдзіць ня будуць. У гэтых пагадненьнях такога пункту няма. Таму замежнікі маюць усе правы зьвяртацца ў суды, каб ня толькі спагнаць канкрэтныя страты ад замовы ўсялякіх квіткоў, браніраваньня месцаў. Яны могуць зьвяртацца і за кампэнсацыяй – гэта многія мільёны даляраў могуць быць – за маральны ўрон”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG