Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інаўгурацыя Віктара Юшчанкі затрымліваецца


Валер Каліноўскі, Менск Кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны былы прэм’ер Віктар Януковіч зноў адклаў падачу сваёй скаргі ў Вярхоўны суд на канчатковыя вынікі выбараў кіраўніка дзяржавы. Такім чынам, вызначэньне даты інаўгурацыі Віктара Юшчанкі адкладваецца.

Кіраўнік перадвыбачага штабу Віктара Януковіча Тарас Чарнавіл паведаміў пра чарговы адклад падачы скаргі на рашэньне ЦВК аб прызнаньні пераможцам выбараў Віктара Юшчанкі. Затрымка тлумачыцца тэхнічнымі момантамі. Чарнавіл абяцае, што да канца тыдня скарга будзе ўсё ж пададзеная. Да яе будуць далучаныя больш за 600 тамоў са сьведчаньнямі парушэньняў заканадаўства аб выбарах.

Асноўная прэтэнзія Януковіча ў тым, што 26 сьнежня былі абмежаваныя магчымасьці галасаваньня для інвалідаў і састарэлых людзей. Януковіч хоча, каб былі прызначаныя новыя выбары, альбо каб ён быў прызнаны пераможцам паводле вынікаў галасаваньня 21 лістапада. На абскарджваньне Януковіч мае час да 18 студзеня, пасьля Вярхоўны суд можа разглядаць справу цягам пяці дзён. Такім чынам, апошні дзень, калі рашэньне ЦВК аб прызнаньні прэзыдэнтам Украіны Віктара Юшчанкі ўступіць у сілу ці будзе скасаванае, — 23 студзеня.

Нягледзячы на тое, што Януковіч наняў швайцарскіх адвакатаў, у ягоныя шанцы зьмяніць сытуацыю ў Вярхоўным судзе мала хто верыць.

Адцягваньне падачы скаргі ў Вярхоўны суд мае для каманды Януковіча ня толькі юрыдычны, але і практычны сэнс, перакананы сябра палітрады блёку “Наша Ўкраіна” Юры Паўленка, які ацэньвае матывы цяперашніх паводзінаў каманды Януковіча:

(Паўленка: ) “Асноўнае сёньня для іх — “падчысьціць канцы”, схаваць рахункі, вывезьці частку капіталаў з Украіны. Акрамя таго, безуладзьдзе дае магчымасьць нават у гэтых умовах часткова кампэнсаваць страты, якія яны панесьлі падчас выбарчай кампаніі. Апроч гэтага, яны хочуць выкарыстаць гэты час, каб правесьці перамовы пра магчымасьць забясьпечыць сваю будучыню ва Ўкраіне пры прэзыдэнце Юшчанку”.

Юры Паўленка зазначае, што важнай задачай для Віктара Юшчанкі найбліжэйшым часам стане, пераняўшы ўладу ад Кучмы, зьберагчы дзяржаўныя рэсурсы, якія раскрадаюцца падчас пераходнага пэрыяду, які цягнецца ўжо больш як месяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG