Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх распаўсюднікаў дзіцячай парнаграфіі ў інтэрнэце будуць судзіць у ЗША


Любоў Лунёва, Менск Менчукоў Аляксея Бучнева і Ягора Залатарова абвінавачваюць у распрацоўцы плацёжнай сыстэмы наведваньня дзіцячых парнасайтаў. Тысячы наведнікаў карысталіся паўсотняй платных парнасайтаў у розных краінах сьвету.

Летась напачатку году ў Ньюарку, штат Нью-Джэрсі, улады ЗША абвінавацілі разьмешчанае ў Беларусі прадпрыемства па вытворчасьці дзіцячай парнаграфіі й службу крэдытных плацяжоў у Флорыдзе ў распаўсюдзе глябальнай інтэрнэт-парнаграфіі й адмываньні грошай.

Сумеснымі намаганьнямі беларускіх сьледчых і іх замежных калегаў Бучнева і Залатарова затрымалі ў 2003 годзе ў Парыжы. Сьледчыя скарысталіся базай зьвестак беларусаў і затрымалі яшчэ больш за 1000 чалавек. Дзьвесьце зь іх — у ЗША. Праваахоўчыя органы затрымалі больш за 10 грамадзянаў Беларусі, але пасьля допытаў іх адпусьцілі. Бучнева і Залатарова трымалі спачатку ў Францыі, а потым у Гішпаніі. Амэрыканскія ўлады паўтара году дамагаліся экстрадыцыі беларусаў у ЗША, каб судзіць іх паводле амэрыканскага закону. Амэрыканскае заканадаўства прадугледжвае больш жорсткае пакараньне за такія злачынствы.

Прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня крымінальнай міліцыі Аляксандар Салдаценкаў выяжджаў у жніўні 2003 году ў ЗША, каб сумеснымі намаганьнямі расьсьледаваць гэтую крымінальную справу.

(Салдаценкаў: ) “Упершыню з амэрыканскімі праваахоўчымі органамі з такой праблемай мы сутыкнуліся і пачалі ўзаемадзейнічаць зь лета 2003 году. Мы распрацавалі сумесныя мерапрыемствы дзеля процідзеяньня распаўсюду дзіцячай парнаграфіі ў глябальнай сетцы інтэрнэт. Выявілі, што ёсьць асобы, якія займаюцца на тэрыторыі Беларусі й ЗША вытворчасьцю дзіцячай парнаграфіі. Гэта быў першы крок узаемадзеяньня, і ён меў посьпех. Нашыя кантакты на карысьць нашых дзяржаваў будуць рэгулярнымі. Злачыннасьць ня ведае межаў, а такога кшталту злачынствы ажыцьцяўляюцца міжнароднымі злачыннымі групоўкамі. Чаму? Попыт і прапанова. Канечне, сіламі праваахоўчых органаў адной краіны раскрываць такія злачынствы складана”.

Летась беларуская міліцыя сумесна з аўстрыйскімі калегамі затрымала некалькі чалавек, якія займаліся пастаўкай жанчын на рынак сэкс-індустрыі. У гэтым выпадку затрыманых беларусаў будуць судзіць у Беларусі, а аўстрыйцаў — у Аўстрыі.
XS
SM
MD
LG