Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чароўныя прывіды мінулага й невыразная будучыня Лошыцкай сядзібы


Вячаслаў Кулік, Менск Менская Лошыца вядомая сваім старадаўнім шляхецкім паркам з 500-гадовай гісторыяй. Старасьвеччына інтрыгуе рамантыкаў прывідам панны ў белым і цудамі ля заручальнага дуба. Той-сёй баіцца ў Лошыцкім парку чорта з развалінаў млына, што на водным ставе.

А ўвогуле пра Лошыцу нямала легендаў і паданьняў. Кажуць, што й цяпер там здараюцца самыя неймаверныя сытуацыі.

Свой новы верш чытае Яўген Церахаў – аўтар казак, апавяданьняў і паэтычных твораў пра найстарэйшы менскі парк.

(Церахаў: ) “Парк старажытны – чароўная кніга, Унукам ад мудрых дзядоў запавет. Шчыраму сэрцу гасьцінна адкрыты, Ён аддае за сакрэтам сакрэт”.

Лошыцкі парк – адзіны ў сталіцы Беларусі, у якім няма атракцыёнаў, дыскатэкі, шапікаў са “сьнікерсамі” й затаптаных падэшвамі лавак. Гараджанін з асфальту, які трапіў сюды ўпершыню, так бы мовіць, млее ад таямнічай старасьвеччыны. Творчыя асобы пераносяць свае ўражаньні на мастацкае палатно, нотны аркуш альбо паперу. Гаворыць Марыя Роўда, аўтарка апавяданьня пра Лошыцу, якое называецца “1896 год”:

(Роўда: ) “Я пабачыла ўпершыню гэты парк гадоў 7 таму. Для мяне гэта быў шок. Я трапіла ў Лошыцу пешкі з боку Серабранкі й не магла паверыць сваім вачам. Я ня ведала, што ў атачэньні гораду існуе такая пэрліна. Я думаю, што дрэвы там нясуць станоўчую энэргетыку. Яны памятаюць людзей, якія гасьцявалі ў Лошыцы, і тым самым далучаюць да пэўнай спадкаемнасьці традыцыяў – іх для мяне ўвасабляе цяпер Лошыца”.

Адпаведна архіўным дакумэнтам з Варшавы, у новыя турыстычныя даведнікі ў Беларусі ўносіцца цяпер папраўка: першая летапісная згадка Лошыцы датуецца 1493 годам, а не ХVI стагодзьдзем, як лічылася раней. Дасьціпны дасьледчык гісторыі былога панскага маёнтку Яўген Церахаў апавядае, што зямля й маёмасьць Лошыцы пераходзілі ад аднаго гаспадара да другога, пакуль не апынуліся ва ўласнасьці графаў Прушынскіх.

(Церахаў: ) “За Прушынскімі Лошыца заставалася 158 гадоў, зьмяніўшы тры пакаленьні гаспадароў. Затым маёнтак адышоў да дваранскага роду Любанскіх. З 1884 году Яўстах Любанскі стаў апошнім уладальнікам Лошыцы, пратрымаўшыся тут амаль да рэвалюцыйнае разрухі. Найперш мінулае Лошыцы цікавае тым, што тут быў фальварак і ён існаваў ва ўмовах самазабесьпячэньня. Калі, напрыклад, сеялі збожжа, то муку зь яго атрымлівалі на млынах на сажалцы. Частку ўраджаю скарыстоўвалі на бровары: выраблялі сьпірт, гарэлку й піва. Гандлявалі гэтымі напоямі ў мясцовай карчме. У фальвараку вырошчвалі лён, ткалі тканіну, шылі зь яе адзеньне. Гадавалі пчолаў і мелі лекавы мёд. Зьбіралі лясныя ягады й грыбы. Грашовы прыбытак фальварку давала сельскагаспадарчая культура альбо свойская жывёла – у іх гадоўлі фальваркоўцам не было роўных”.

Паводле менскага краязнаўца Юр’я Баярына, па-за межамі Беларусі фальварак лошыцкага пана Любанскага стаў вядомы дзякуючы конегадоўлі.

(Баярын: ) “Зьвесткі мы адшукалі ў Разані. Быў такі сьпіс конезаводаў Расейскай імпэрыі. Конезавод пана Любанскага меў 35 конематак. Гэта даволі вялікая гаспадарка нават на сёньняшнія меркі. Паводле згадак лошыцкіх старажылаў, коні Любанскага былі такія лёгкія, што нібыта плылі ў тумане над пашай. Жонка Любанскага – пані Ядзьвіга Камінская – таксама была вялікая аматарка верхавой язды. Яловая алея, што цягнецца ад сярэдзіны парку да цяперашняга камвольнага камбінату, была пасаджаная якраз для галёпу”.

Пра лошыцкія прывіды белай панны над возерам і лёгкага каня ў аблоках ходзяць самыя розныя легенды. Непадалёку адна ад адной жывуць у Лошыцы Алена Козыр і Тацяна Міджудава, але яны неаднолькава перадаюць бабуліны аповеды.

(Козыр: ) “Жонка пана, які пабудаваў сядзібу, утапілася ў рэчцы. І іншы раз нібыта зьяўляецца яе прывід. Я хацела б яго пабачыць”.

(Міджудава:) “Жонка пана, лютага дэспата, была змучаная яго несправядлівымі прыдзіркамі й нейкім чынам загінула тут. Прывід яе зьяўляецца ў гэтым парку ў першыя дні траўня, зь першымі туманамі, калі пачынае цьвісьці рэдкі для Беларусі маньчжурскі абрыкос”.

Таямнічы вобраз “белай лошыцкай панны” паспрабавала расшыфраваць Марыя Роўда. Паводле яе словаў, найбольш распаўсюджана легенда, што “пекная гаспадыня лошыцкай сядзібы Ядзьвіся карысталася мужчынскаю ўвагаю й тым самым давала падставы свайму мужу для рэўнасьці”. Аднак варта было сучаснай пісьменьніцы пачаць разьвіцьцё скандальнай тэмы мінуўшчыны, як здарылася надзвычайнае.

(Роўда: ) “Я вырашыла напісаць вялікі каньюнктурны кавалак. Маўляў, няхай яна ўсім мужчынам падабаецца, няхай будзе благая спакусьніца, але, зь іншага боку, у нечым некаму й дапамагала. Я працавала над гэтым вобразам гадзіны тры, прычым безь перапынку. І калі напісала, без асабістага ўжываньня ў сытуацыю, то ўсё гэта з кампутара зьнікла. Цалкам. Не засталося нават рэзэрвовай копіі, хаця кампутар працуе ў рэжыме трохвіліннага захаваньня. Пасьля гэтага я адчула страшны холад, якога ні з чым ня зблытаеш. У прынцыпе, я ня надта веру ў прывіды, але ў той момант засумнявалася. І вось, калі паспрабавала пісаць другі раз, перапрасіла Ядзьвігу Любанскую й паабяцала ёй, што паспрабую адчуць ейнае жыцьцё, ейную сытуацыю”.

Асабліва спадзяваўся ён знайсьці што-небудзь пра пані Любанскую, дачку маршалка мазырскай шляхты, якая зайшла за мясцовага пана ў дзевятнаццаць гадоў, была надта прыгожая і, па чутках, круціла раманы з самымі выбітнымі мужчынамі свайго часу, але была вельмі спагадлівая, дапамагала бедным, утрымлівала дом састарэлых – толькі вось дзяцей ня мела й утапілася на свой дзень народзінаў. Выцягнуў яе ейны сабака. А пан змарнеў і некуды зьехаў. Цяпер пані завецца Белай Дамай, зьяўляецца час ад часу ў белай сукенцы ў парку й дапамагае закаханым і бязьдзетным жанчынам.

Гэта быў кароткі ўрывак з апавяданьня “1896 год” Марыі Роўды. А вось пра чарцей на развалінах былых млыноў у Лошыцы нагадвае статыстыка менскіх трагедыяў. Расказвае Яўген Церахаў:

(Церахаў: ) “Чэрці на старым млыне – гэта клясычныя прывіды. А асаблівасьць лошыцкіх “хвастатых” у тым, што іхную прысутнасьць можна заўважыць толькі аднойчы й на добрым падпітку. Калі ж сустрэча з чортам паўтараецца, то п’янага знаходзяць мёртвым на беразе альбо ў вадзе. Прыкладна 11 – 12 чалавек гінуць такім чынам на ставе, ля былых лошыцкіх млыноў”.

Апрача як узвышаных, так і цёмных прывідаў, 500-гадовая Лошыца ўсё яшчэ рэальна багатая на рарытэты мінуўшчыны. Як канстатуе “Беларуская энцыкляпэдыя”, у Лошыцкім парку растуць такія экзоты, як дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы японская, сібірская й эўрапейская. Тут ёсьць шматвяковы дуб-чараўнік. Як вызначылі адмыслоўцы, у навакольлі існуе больш за 400 біялягічных відаў дрэваў, кустоў, насякомых, жывёлін і птушак.

Пра тое, як выкарыстоўваецца гэтая спадчына ў разьвіцьці экалягічна-забаўляльнага бізнэсу, – у наступнай перадачы лошыцкага цыклю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG