Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта выводзіць з абарачэньня прыватызацыйныя чэкі?


Галіна Абакунчык, Менск Камісія ў справах жыльлёвай палітыкі й прыватызацыі Палаты прадстаўнікоў распрацавала праект закону, які абмяжоўвае выкарыстаньне прыватызацыйных чэкаў “Маёмасьць” і “Жыльлё”.

Паводле законапраекту, чэкі мусяць быць выкарыстаныя да канца 2005 году, інакш яны будуць выведзеныя з абарачэньня безь фінансавай кампэнсацыі ўладальнікам. Як да гэтага ставяцца людзі? Мінакоў на вуліцах Менску апытвала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Грамадзяне краіны цягам гэтага году мусяць цалкам скарыстаць прыватызацыйныя чэкі “Жыльлё” і “Маёмасьць”. У адваротным выпадку каштоўныя паперы будуць выведзеныя з абарачэньня безь фінансавай кампэнсацыі іхным гаспадарам. Як вы да гэтага ставіцеся?”

(Спадар: ) “Я свае чэкі выкарыстаў. Уклаў у керамічны завод, але ніякіх дывідэндаў ад гэтага пакуль не атрымаў. Думаю, што трэба было ўсё ж нейкую кампэнсацыю за нявыкарыстаныя чэкі людзям выплачваць. Гэта было б справядліва”.

(Спадарыня: ) “Скажам так: я маладая, але дзяржаве ня веру”.

(Спадар: ) “Па-мойму, усё гэта несур’ёзна. Наколькі я ведаю, сярод маіх знаёмцаў ніхто ніякай карысьці ад гэтага для сябе ня меў”.

(Спадарыня: ) “Кампэнсацыя — яна ж мізэрная, а таму мне ўсё роўна, ці мае чэкі застануцца ў мяне ляжаць, ці куды пойдуць. Я ведаю, што дзяржава іх не забясьпечыць нічым”.

(Спадар: ) “Калі б людзі мелі магчымасьць, то даўно скарысталі б гэтыя чэкі. Таму, канечне, патрэбная кампэнсацыя”.

(Спадарыня: ) “Я выкарыстала свае чэкі, але ведаю шмат знаёмых, сваякоў, у тым ліку мае бацькі-пэнсіянэры, у якіх гэтыя чэкі ляжаць — і яны ня ведаюць, што зь імі рабіць. І, канечне, той факт, што яны прападуць, гэта поўны непарадак. Гэта азначае, што чарговы раз дзяржава нас рабуе”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы скарысталіся сваімі прыватызацыйнымі чэкамі й як ставіцеся да таго, што яны могуць быць выведзеныя з абарачэньня без кампэнсацыі ўладальнікам?”

(Спадарыня: ) “Такія рэчы не павінны ліквідавацца, бо па-рознаму здараецца. Да прыкладу, цяпер я ня маю ўяўленьня, што з гэтымі чэкамі рабіць, а заўтра даведваюся, што ёсьць пасьпяховае прадпрыемства і туды можна ўкласьці свае каштоўныя паперы. Словам, трэба даць магчымасьць чалавеку скарыстаць гэтыя чэкі — калі б тое ні было. Як, да прыкладу, амэрыканскі даляр: пакуль ты яго ня выкарыстаеш, ніякіх абмежаваньняў на ягонае выкарыстаньне няма”.

(Спадар: ) “Як аблігацыі ў 1960-х гадах, так цяпер і гэтыя чэкі ляжаць. А куды іх падзець? Яны й так ужо прапалі: у “Камунарку” хачу ўкласьці — нельга, у завод імя Казлова — нельга. Калі не — здаў чэкі й атрымаў грошы, а не капейкі. Бо страчваць грошы таксама крыўдна”.

(Спадарыня: ) “Што тычыцца кампэнсацыі, канечне, так здаецца, што яна павінная ўсё ж быць. І, зразумела, што стаўленьне да таго, што яе ня будзе, толькі адмоўнае”.
XS
SM
MD
LG