Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будча, Ганцавіцкі раён


Ягор Маёрчык, Будча, Ганцавіцкі раён, Берасьцейшчына Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

(Хандрыка: ) “Сватам я быў дваццаць пяць разоў. Сказаў, што досыць! Юбілейнае вясельле праводжу — і больш ня буду. Але сёлета прыйшлі маладыя: “Радзі Бога, паедзем у Пінск і будзьце ў нас сватам”. Прыйшлося ехаць і быць там за свата”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы такое на вясельлях робіце, што вас увесь час сватам бяруць?”

(Хандрыка: ) “Колькі вясельляў ні было, ніхто зь іх не разыходзіцца, усе жывуць разам. Можа, праз гэта мяне і запрашалі”.

Мікалай Хандрыка — галоўная знакамітасьць вёскі Будча: колішні кіраўнік тутэйшага Дому культуры вядомы на ўвесь Ганцавіцкі раён самай вялікай калекцыяй сьвяточных пасaў з надпісам “Сват”. Ён зьбіральнік прыпевак і адзін зь нямногіх, хто ва ўсіх падрабязнасьцях памятае народны шлюбны абрад.

У пошуках моладзі я вандрую па вуліцах Будчы. На тры сотні хатаў працаздольных людзей усяго некалькі дзясяткаў, а халастых — яшчэ меней. Усе дзеці пэнсіянэркі Вольгі Дайлід пакінулі малую радзіму і разьехаліся. Яна ўжо зьмірылася, што старасьць прыйдзецца дажываць адной. Але безграшоўе пагнала аднаго з сыноў на заробкі ў Расею. З тых часоў сэрца бабы Волі не на месцы.

(Дайлід: ) “Ён паехаў некуды на Маскву. У яго жонка хворая, двое дзяцей і малая палучка. Ён тут працаваў, але такое цяжкае становішча! Трохпакаёвая кватэра, жонка такая хворая — выкінулі падстраўнікавую залозу, але няма ёй дабра, лячыцца неабходна. А колькі дактарам грошай трэба даваць! Крэдыт за трохпакаёвую кватэру трэба вяртаць: па 80 тысяч сорак год выплачваць”.

(Карэспандэнт: ) “У яго нейкая будаўнічая спэцыяльнасьць?”

(Дайлід: ) “Ён усё можа рабіць, у яго рукі такія”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат ёсьць розных гісторыяў. Паехаў чалавек на заробкі. А там нешта здарылася. Небясьпека…”

(Дайлід: ) “Чулі мы пра такое! Мы з гэтай прычыны страшэнна перажываем па гэтаму сыну. Мы і ня хочам, каб ён туды ехаў, бо прападаюць людзі. Ён мне кажа: “А як тады жыць?” Кажа: “Ня пі, паводзь сябе добра і ніхто цябе чапаць ня будзе”.Так што ня трэба піць у чужой краіне”.

(Карэспандэнт: ) “Дый у сваёй таксама…”

(Дайлід: ) “Таксама і ў сваёй!”

(Карэспандэнт: ) “Моладзі ў вёсцы шмат?”

(Дайлід: ) “Якая тут цяпер моладзь, калі яны ў горад пазьяжджалі? У калгасе хутка ня будзе каму працаваць”.

Сьвятлана Дзінісеня — прадавачка ў прыватнай краме “Расінка”. На руцэ шлюбны пярсьцёнак, на твары — усьмешка. Разгаварыліся: ад агульных пытаньняў да прыватных тэмаў.

(Карэспандэнт: ) “Кліентаў у вас шмат?”

(Дзінісеня: ) “Шмат. Асабліва як у калгасе заробак, ці настаўнікі атрымаюць, у дзіцячым садку, у нас лесьнікоў багата — усе ідуць. Тут у нас таньней. У нас 900 грамаў рысу — 1200, а ў дзяржаўнай краме 800 грамаў — 1420. У нас даярка, робячы без выходных, атрымлівае 67 тысяч — таму гэта зэканомленая капейка. Падаецца, розьніца ўсяго толькі 200 рублёў, а гэта шмат. Гэта вы ў сваім Менску там мільёны атрымліваеце. Вы і ў любой краме набудзеце, бо вам трэба. А ў нас людзі шукаюць, дзе таньней”.

(Карэспандэнт: ) “Якія там мільёны?! Вы ўжо загнулі! Хацеў яшчэ запытацца: што яшчэ бяруць?”

(Дзінісеня: ) “У нас толькі прадукты. Сьпіртовых напояў няма”.

(Карэспандэнт: ) “А што гэта за вясковая крама ды безь сьпіртнога?”

(Дзінісеня: ) “Зь ім шмат праблемаў. Гэтыя п’яніцы душу дастануць: то запішы, то прымі бутэлькі, то “я табе заўтра прынясу”. А так ціха і спакойна: прыйшлі, набылі ды пайшлі”.

(Карэспандэнт: ) “У вёсцы мала народу і вы ўсіх ведаеце ў вочы. Сапраўды, можа быць такая цяжкая сытуацыя, што ў калгасе не выплацілі заробак — ці вы можаце адпусьціць на вэксаль?”

(Дзінісеня: ) “Можам. Бывае, што п’яніцы атрымаюць палучку, прап’юць яе і пасьля просяць запісаць. То дзе ўчора піў, ідзі сёньня там пад’еш! А бывае, прыяжджаюць дзеці, а бацькі ўдваіх у калгасе робяць… Як ім тут не запішаш? У пятніцу жанчыну запісала, а сёньня яна атрымала і прынесла”.

(Карэспандэнт: ) “Як паставілася дзяржаўная крама да вашага зьяўленьня?”

(Дзінісеня: ) “Яны ня радыя, што зьявіўся канкурэнт. Начальства ад іх нечага патрабуе. Яны прыходзяць да нас перапісваюць кошты, параўноўваюць іх, пасьля трошкі ў сябе панізяць. Але ўсё адно ў іх кошты вышэйшыя”.

(Карэспандэнт: ) “У вёсцы моладзі шмат?”

(Дзінісеня: ) “А што тут моладзі рабіць? Даярка атрымлівае 67 тысяч. А астатнія — тыя, хто ў гаражы, працы ім узімку няма і заробкаў у моладзі няма”.

(Карэспандэнт: ) “І чым яны займаюцца?”

(Дзінісеня: ) “Пакуль школу скончаць, бацькі ўтрымліваюць, а пасьля едуць хто куды”.

(Карэспандэнт: ) “А вы чаму засталіся?”

(Дзінісеня: ) “Маладой у шлюб пайшла”.

Зноў дамо слова Мікалаю Хандрыку. Пра народны вясельны абрад ён згадвае ў мінулым часе. Такога ў Будчы болей не пабачыш.

(Хандрыка: ) “Раней, калі рабілі вясельле, абрад быў вялікі. А сёньня які тут абрад? Сёньня такога ўжо і няма! Адразу маладую выкуплялі. Калі сяброўку маладую прадалі, адразу ішлі дадому. Сяброўкам давалі дзьве пляшкі гарэлкі й закуску. Усё. Яны ў далейшым вясельлі ўдзельнічаць ня мелі права. Такі быў закон. Першым чынам вясельле было ў маладой. Там сядзелі дзень. На другі дзень ехалі да маладога. Маладая пераходзіла да маладога. Пераяжджалі на конях. Конікі і вазы былі ўвабраныя ў адмысловыя кветкі. Браты маладой ня ехалі. Яны пасьля вязьлі куфра — і там было тое, што яна зьбірала да свайго замужжа. Яны гэты куфар вязьлі й яго пасьля “прадавалі”.

У маладога ў хату ўсе не ішлі, а спыняліся ля яе. Усё прычашчаліся. Давалі крыху самагонкі, давалі прыкусіць, а затым налівалі мёду. Пасьля гэтага ўсе заходзілі ў хату, сядалі за стол. І пачыналася вясельле ў маладога. На гэтым вясельле не заканчвалася. Прыйдзе тыдзень, як маладая з маладым жыве, і самыя дарагія госьці зь пірагамі прыяжджалі да бацькоў маладой. Лічылася, што калі яны зь пірагамі не прыедуць, яны будуць кепска жыць”.

(Карэспандэнт: ) “Калі апошнім разам у вашае вёсцы рабілі такое вясельле?”

(Хандрыка: ) “Гадоў дваццаць пяць таму.

Дзед Іван цягне за сабой пустыя санкі. Павіталіся. Я хацеў быў жартаўліва запытаць, ці не сабраўся стары з горкі пакатацца, як ён растлумачыў: едзе ў краму па мех солі. Наноў асвоіў дзіцячы транспарт, пасьля таго, як выйшаў на пэнсію. А да гэтага дзесяцігодзьдзямі кіраваў трактарам і ня меў праблемаў, як да хаты цяжкае давезьці.

(Карэспандэнт: ) “Як стан вашага калгасу?”

(Іван: ) “О-о-ой! Адзін бульдозэр застаўся — і той не на хаду. Сур’ёзна вам кажу! Камбайнаў было дванаццаць, а засталося толькі два”.

(Карэспандэнт: ) “У вас вёска такая вялікая — можа, нехта ў фэрмэры падаўся?”

(Іван: ) “Хацелі людзі, але зямлі не даюць. У нас тут нешта зь зямлёй зажымаюць. І заявы пісалі! Але яны такі надзел адвядуць, што ніхто браць ня хоча — самая горшая, ды яшчэ з кустоўем. А хто табе дасьць добрай зямлі?”

(Карэспандэнт: ) “А чаму так?”

(Іван: ) “Старыя законы і праўленьне ў канторы старое. Як яны камандуюць, так яно і робіцца. Вось і ўвесь сакрэт”.

(Карэспандэнт: ) “Зь сельсавету да вас прыяжджаюць?”

(Іван: ) “Старшыня бывае. Ён нам дапамагае. Вось грэйдэра прыслаў. Гэтая вуліца не расчышчаная, а на могілкі дарогу ад сьнегу расчысьцілі”.

(Карэспандэнт: ) “Неяк дзіўна: па вуліцы, дзе дамы стаяць, людзі часьцей ходзяць, чым на могілкі”.

(Іван: ) “А ў нас тут ня горад. Гэта ў Менску трэба чысьціць, а ў нас сонейка ўсё прыбярэ”.

Стараста вёскі Канстанцін Санюк жыве ў цагляным катэджыку. Згадку пра тое, што зьяўляецца ланцугом уладнай вэртыкалі, ён крые скаргаю — няма тэлефону. Калі трэба зьвязацца зь сельсаветам, бяжыць да суседа.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, не хапае зямлі, людзі хочуць больш узяць, а калгас сам сее. Бывае, што праз гэта ўзьнікаюць канфлікты. Гэта праўда ці не?”

(Санюк: ) “Нічога гэта ня праўда! У нас даюць па 41 сотцы. А незадаволеныя толькі тыя, хто зайздросьціць іншым. Зямлі ўсім хапае!”

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд, якая пэрспэктыва ў вёскі?”

(Санюк: ) “Ніякай моладзі ў нас тут няма. Хто і робіць — гэта толькі на фэрме і трактарысты. І працуюць там дзеля таго, што трактарыст можа зэканоміць салярку і загнаць яе, а на фэрме мукі ці буракоў можна скрасьці. Пэрспэктывы няма! Усё ідзе на дно”.

(Карэспандэнт: ) “У вас пабудавалі пяць дамкоў, якія Аляксандар Лукашэнка людзям абяцаў. Хто там цяпер жыве?”

(Санюк: ) “Іх толькі разьмеркавалі, але яшчэ ніхто не жыве. Але на дамкі ахвотных хапае! Ёсьць гэткія, што нідзе не працавалі, а цяпер паўлазілі ў калгас, каб атрымаць дамкі. Гэтыя дамкі каштуюць 17 тысяч даляраў. Там дом, сьвінушок і калодзеж. Няма дрывотніка, хлява і варыўні. Але ўсё адно на дамкі ахвотных хапае”.

Калі Мікалай Хандрыка стаў дырэктарам Дому культуры, у вясельнай модзе вёскі Будча пачалася новая эра. На зьмену адасобленым застольлям прышлі супольныя гулянкі: выпівалі ў калгаснай сталоўцы, а танчыць пераходзілі ў клюб.

(Хандрыка: ) “Як зьявіліся сталоўкі, вясельлі пачалі рабіць разам. Калі я стаў загадчыкам клюбу, у нас там ніякіх вясельляў не праводзілася. А калі пайшлі ў клюб гуляць вясельлі, ужо ніхто не хацеў рабіць гэта дома. У чым там прычына? Гэта была гарантыя таго, што чалавек не нап’ецца. Там сядзела “вясковае журы” — жанчыны звычайна прыходзілі. І людзі стараліся не напівацца, бо назаўтра гэтае журы абмяркуе, хто ў якім стане быў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці магчыма такое аднавіць?”

(Хандрыка: ) “Аднавіць гэта немагчыма, бо сёньня людзі нічога ня хочуць рабіць. Сёньня людзям адно каб толькі грошы былі”.

Спадар Хандрыка ганарыцца, што на вясельлях за часам ягонага дырэктарства людзі не напіваліся, не было і п’яных боек. Яму шкада толькі, што новая традыцыя агульнага застольля канчаткова загубіла старажытны абрад.
XS
SM
MD
LG