Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты БДУ — пра разьмеркаваньне і абавязак адпрацаваць у Беларусі цягам пяці гадоў пасьля заканчэньня ВНУ


Ганна Соўсь, Менск Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі ўнесьлі папраўкі ў законапраект “Аб вышэйшай адукацыі”. У адпаведнасьці зь ім выпускнікі вышэйшых навучальных установаў павінны два гады адпрацаваць паводле разьмеркаваньня, і яшчэ тры — на тэрыторыі Беларусі

Як паставіліся да такой пэрспэктывы студэнты? Гэта высьвятляла наша карэспандэнтка, якая пагутарыла з навучэнцамі гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

У ранейшай рэдакцыі законапраекту “Аб вышэйшай адукацыі” была норма, у адпаведнасьці зь якой выпускнікі ВНУ павінны былі адпрацаваць паводле разьмеркаваньня пяць гадоў. У адпаведнасьці з дэпутацкімі папраўкамі, тэрмін абавязковай адпрацоўкі зьменшаны да двух гадоў, але яшчэ тры гады выпускнікі не павінны выяжджаць на працу за мяжу. Гэта тычыцца таксама і студэнтаў, якія за кошт дзяржавы навучаліся за мяжой. Згаданы законапраект з папраўкамі дэпутатаў ухвалены ва ўсіх парлямэнцкіх камісіях і ў блізкім часе будзе накіраваны ва ўрад. А як паставіліся студэнты да гэтага законапраекту? Я пагутарыла з навучэнцамі гістарычнага факультэту БДУ.

(Cтудэнт: ) “Адмоўна стаўлюся, канечне. Пасьля заканчэньня ВНУ студэнт у прынцыпе мае права на тое, каб самому выбіраць, дзе яму працаваць”.

(Студэнт: ) “Гэта ня мэтад для папаўненьня кадраў розных сельскіх установаў, школаў”.

(Студэнтка: ) “Напэўна, гэта ж ня вельмі дрэнны закон, бо калі мы атрымліваем адукацыю ў гэтай краіне бясплатна, то мы павінны неяк аддзячыць нашай краіне. Усё ж добра, што толькі два гады паводле разьмеркаваньня, а ня больш. А я ўсё роўна не зьбіраюся выяжджаць за мяжу пасьля вучобы, таму я добра стаўлюся да гэтага законапраекту”.

(Студэнт: ) “Адмоўна. Усё ж павінна быць права выбару, але, як адзін наш выкладчык сказаў: “У нас самая свабодная краіна. Мы свабодныя ад выбару”.

(Студэнт: ) “Я сапраўды чуў, што такі законапраект рыхтуецца. З аднаго боку, павінна быць нейкая абарона ад уцечкі мазгоў, але зь іншага боку, мне падаецца, што сродкі павінны быць іншыя. Напрыклад, стварэньне выдатных умоваў для працы маладых спэцыялістаў. Сытуацыя, калі будзе ўведзенае такое абмежаваньне, будзе спрыяць большай ізаляванасьці краіны. Мне падаецца, што цяпер пэрспэктыўныя маладыя людзі імкнуцца знайсьці нейкае месца за мяжой, яны спрабуюць рэалізавацца, бо тут вельмі цяжка знайсьці прыдатную працу для самарэалізацыі”.

(Студэнт: ) “Пазыцыя дзяржавы ў тым, каб не было ўцечкі мазгоў менавіта на Захад, каб фармавалася інтэлігенцыя ў краіне. Але я супраць гэтага, таму што ў нашай кріане немагчыма разьвівацца”.

(Студэнтка: ) “Я супраць разьмеркаваньня, шчыра кажу, але, што датычыць таго, што мы павінны заставацца ў сваёй краіне, то я лічу, што, калі мы хочам жыць добра, то мы павінны жыць у сваёй краіне, працаваць у сваёй краіне”.
XS
SM
MD
LG