Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Марыніч сустрэў сваё 65-годзьдзе ў сьледчым ізалятары на менскай вуліцы Валадарскага


Альгерд Невяроўскі, Менск 13 студзеня вядомаму грамадзкаму і палітычнаму дзеячу Міхаілу Марынічу споўнілася 65 гадоў. У гэты дзень у сьледчым ізалятары зь ім сустрэлася жонка Тацяна, якая перадала шматлікія віншаваньні ад ягоных родных і сяброў.

Сваё 65-годзьдзе асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч сустрэў у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Два дні таму спадара Марыніча перавялі туды з СІЗА КГБ, дзе ён знаходзіўся з 26 красавіка мінулага году. У дзень нараджэньня адміністрацыя ізалятару дазволіла Міхаілу Марынічу 40-хвіліннае спатканьне з жонкай Тацянай. Пасьля сустрэчы з мужам Тацяна Баранава распавяла ў інтэрвію беларускай Свабодзе:

(Баранава: ) “Я перадала яму сёньня віншаваньне ад амбасадара Хайкена з нагоды юбілею. Яму было вельмі прыемна. Перадала віншаваньні ад ягоных сяброў, ад сваякоў, ад усіх родных. Самы ж вялікі падарунак для нас зь ім — гэта проста нашае спатканьне. Марыніч трымаецца вельмі мужна. Ён вельмі мужны чалавек зь вялікай сілай волі, верыць, што рана ці позна ён будзе на свабодзе. Ён ні ў чым не вінаваты, і справядлівасьць абавязкова запануе. Ён у гэта верыць — і ягоную веру ўжо зламаць немагчыма. Усе ягоныя сябры сёньня зь ім”.

Адвакатка Міхаіла Марыніча Вера Страмкоўская гаворыць, што ўмовы яго ўтрыманьня ў ізалятары на Валадарскага ня горшыя, чым у турме КГБ. У камэры, дзе яго трымаюць, яшчэ пяцёра чалавек. Двое з гэтых вязьняў былі знаёмыя зь Міхаілам Марынічам раней. Гаворыць Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) “Ён трымаецца і вельмі спадзяецца, што прысуд, вынесены яму 30 сьнежня, будзе адменены, і зьмены ў гэтай крымінальнай справе ўсё ж такі будуць. Нас яшчэ не азнаёмілі з пратаколам судовага паседжаньня. Мы чакаем азнаямленьня з пратаколам, а таксама прызначэннья даты гэтай справы ў касацыйнай інстанцыі”.

Адвакатка Міхаіла Марыніча таксама паведаміла, што з 65-годзьдзем яго павіншавалі многія палітыкі, грамадзкія дзеячы ды амбасадары краінаў Эўрапейскага Зьвязу і ЗША, акрэдытаваныя ў Менску.
XS
SM
MD
LG