Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня тысячы беларусаў Беласточчыны адзначаюць Новы год паводле старога стылю.


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава На Падляшшы, дзе пераважае беларускае насельніцтва, гэта сапраўднае сьвята. Вось што распавёў нашаму радыё Дарафей Фіёнік, знаўца народных традыцыяў зь Бельска-Падляскага:

(Фіёнік: ) “На Новы год - асаблівае калядаваньне, якое, зрэшты, працягваецца ад Калядаў. Гэты вечар, з 13 на 14 студзеня, Новы год паводле старога стылю завецца “Гагатуха”. Трады шмат традыцыйных рэчў робіцца. Моладзь, напрыклад, робіць розныя псоты. Раз у год гэта ім дазваляецца”.

У Беларусі стары новы год нярэдка асацыюецца ў тым ліку і з камэдыяй “Іронія лёсу, ці зь лёгкім парам”, якой спаўняецца сёлета 30 гадоў. Вось сказала Свабодзе выканаўца галоўнай жаночай ролі ў фільме польская акторка Барабара Брыльска. Аказалася, што Барбара Брыльска яшчэ ў савецкія часы была ў Менску.

(Брыльска: ) “Я была адзін раз у Менску, прычым, не праездам, а некалькі дзён. Ня памятаю цяпер дакладна з якой нагоды - хіба нейкія дні культуры былі. Было вельмі прыемна. Думаю, што для беларускіх слухачоў вы не папросіце мяне сказаць нешта па-расейску, як робяць нярэдка журналісты. Гэта было б хіба непавагай. У Беларусі мне вельмі спадабалася, хаця цяжка, канечне, мець аб’ектыўнае меркаваньне пра краіну, калі ўвесь час жывеш у добрым гатэлі, наведваеш элітарныя прыёмы і гэтак далей”.

За ролю Надзі ў фільме “Іронія лёсу, ці зь лёгкім парам!” Барабара Брыльска атрымала дзяржаўную прэмію СССР, да чаго ў Польшчы паставіліся непрыязна.

(Брыльска: ) “Я атрымала гэты мэдаль і падумала, ну, няхай ляжыць пакуль у хаце, а калі раптам зьменіцца палітычная сытуацыя і прыйдуць кітайцы, то яго трэба будзе хутка выкінуць. А калі сур’ёзна, дык гэтая прэмія мне не дапамагла, а нават наадварот. У Польшчы тое, што я яе ўзяла, ўспрынялі як здраду, хаця ніхто не зьвяртаў увагі, што дзякуючы папулярнасьці, я нярэдка выказвалася так рэзка, як ніхто ў Савецкім Саюзе ня мог сабе дазволіць. Але казалі так – яна грае ў ворагаў”.

У часы ПНР было зроблена вельмі шмат фільмаў, якія адкрыта крытыкавалі тагачасны палітычны лад. Мы запыталіся, ці адчула нейкую схаваную крытыку спадарыня Брыльска ў фільме Разанава?

(Брыльска: ) “Канечне, на гэтым абапіралася ўся камэдыя – аднолькавыя кватэры, замкі, шафы. Эльдар добра адчуваў тую сытуацыю. Фільм вельмі добры. Але я ніколі не думала, што ён будзе папулярны і праз 30 гадоў. Ня ведаю, наколькі ён цяпер у вас актуальны, але ведаю, што яго любяць і глядзяць”.
XS
SM
MD
LG