Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званьне доктара гістарычных навук не далі праз “палітызацыю” праблемы далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Незалежнае выданьне “Беларуская дзелавая газэта” ў сьвежым нумары паведамляе падрабязнасьці таго, як можна набыць аўтамабіль у крэдыт. Як вядома, беларускія банкі крэдытуюць набыцьцё аўтамабіляў нават патрыманых. Для гэтага неабходна сабраць шэраг даведак, кшталту месца працы й памеру даходаў, а таксама аформіць адпаведныя дамовы, адкрыць рахункі. Натуральна, што гэта патрабуе пэўных высілкаў і часу. Карэспандэнт газэты правёў экспэрымэнт і паспрабаваў дамовіцца зь некалькімі гаспадарамі на гэткую пакупку аўтамабіля. Як паказаў досьвед, гаспадары ня маюць ніякай ахвоты хадзіць па кабінэтах, а жадаюць атрымоўваць ад пакупнікоў грошы.

Газэта “Кур’ер з Барысаву” распавядае, як напярэдадні навагодне-калядных сьвятаў у Барысаў прыехаў расейскі цырк шапіто. Многія барысаўскія школьнікі пасьпяшаліся патрапіць на імпрэзу, а затым усе сьвяты праляжалі з тэмпэратурай. Сталася так, што двухгадзінная праграма праходзіла ў шатры, які не ацяпляўся й дзеці прастудзіліся. Калі бацькі малых пачалі высьвятляць, як такое магло стацца, то ў гарадзкой адміністрацыі ім паведамілі, што барысаўскі гарвыканкам толькі даў дазвол на разьмяшчэньне цырку, кантроль за захаваньнем санітарных нормаў – не ягоная справа. Цяпер гэты цырк гастралюе ў Маладэчна.

Газэта “Віцебскі кур’ер” сёньня прыводзіць вынікі маніторынгу вытворчага траўматызму за мінулы год. Паводле газэты, колькасьць няшчасных выпадкаў на прадпрыемствах Віцебшчыны вырасла ў некалькі разоў. Так, за 11 месяцаў на прадпрыемствах вобласьці загінулі 50 чалавек, у той час, як за ўвесь папярэдні год такіх было 28. Колькасьць зьнявечаных людзей павялічылася таксама на 50 чалавек – з 75 да 125 ахвяраў.

Тыднёвік “Наша ніва” друкуе артыкул пад назваю “Цэнзура на навуковыя дасьледаваньні” ў якім паведамляе, што атэстацыйная камісія адмовілася надаць званьне доктара гістарычных навук Яўгену Анішчанку. Вучонаму закідаюць “палітызацыю” праблемы далучэньня Беларусі да Расейскай імпэрыі. Выказаныя вучоным тэорыі камісія “ня раіць паведамляць вучням і настаўнікам”. Яўген Анішчанка адказвае на пытаньні карэспандэнта газэты.

Што ёсьць гонар і ганьба беларусаў? Гэтае пытаньне “Наша ніва” ставіць перад вядомымі ў Беларусі літаратарамі, філёзафамі й палітыкамі. Вось адзін з такіх адказаў: “Беларусы маглі б ганарыцца тым, што ня бралі ўдзелу: у крыжовых паходах, генацыдзе індзейцаў і каляніяльнай палітыцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG