Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскім гандлярам на гомельскім Цэнтральным рынку не хапае месцаў


Казімір Яноўскі, Гомель Гомельскія ўлады, паводле распараджэньня старшыні аблвыканкаму Аляксандра Якабсона, сталі актыўна наводзіць парадак на тэрыторыі вакол Цэнтральнага рынку. Асабліва гэта датычыцца несанкцыянаванага гандлю на гарадзкіх вуліцах, дзе гандлюе нямала прыежджых украінцаў.

Чаму ўкраінцы гандлююць на гарадзкіх вуліцах, а не на тым жа рынку? На рынку ім проста не хапае месцаў. Паслухаем, што кажа ўкраінская гандлярка з мястэчка Гарадня Чарнігаўскай вобласьці:

(Гандлярка: ) “На рынку няма месцаў, наогул няма месцаў. Прасілі. Сказалі – няма месцаў. Для ўкраінцаў толькі, ці таксама і для беларусаў, але месцаў няма. Усё наўкола занята”.

Суседзі з поўдня прывозяць у кайстрах на гомельскія рынкі сьметанковае масла, сьвежаніну, каўбасы, тварог, малако, грэцкія арэхі, халву, розныя іншыя кандыдацкія вырабы. На прылеглых да рынку вуліцах яны гандлююць прама з кайстраў альбо скрынак. Як толькі набліжаецца міліцыя, гандляры згортваюць усё ў ахапку і подбегам кідаюцца на другі бок вуліцы. Хто не пасьпее згарнуцца, можа нават страціць свой тавар:

(Гандлярка: ) “Усё забіраюць, канфіскоўваюць, бо гандлюем харчам на вуліцы ў неналежным месцы”.

Колькі часу таму аблвыканкам заяўляў пра неабходнасьць выдзеліць для ўкраінскіх гандляроў асобныя месцы і нават зрабіць нейкі адмысловы ўказальнік. Паўтара-два дзесяткі ўкраінскіх гандляроў салам ды тварагом сапраўды маюць месцы ў крытым павільёне. Аднак колькасьць прыежджых гандляроў з Украіны нашмат большая. Рынак проста ня можа задаволіць патрэбы, пра што хвіліну таму казала ўкраінская гандлярка з Гарадні.

Зь іншага боку, увоз харчу на тэрыторыю Беларусі з восені абмежаваны 5 кіляграмамі. Таму далёка не ўсе гандляры маюць нейкія істотныя прыбыткі, і хочуць сплачваць падаткі ці зборы за карыстаньне месцам на рынку:

(Гандлярка з Чарнігава: ) “Як жа, мы прыйдзем, а нам трэба вялікія падаткі плаціць. А мы ня можам такія падаткі плаціць. Я трошкі прывязу і гандлюю ля рынку. Вось за гэта забралі мяне і пасадзілі ў клетку. Я пашпарта не дала. Сказала: ня маеце права. Адпусьцілі. У Чарнігаве міліцыі ня ведаю, а тута…”

Украінскія гандляры з бліжэйшых да Беларусі рэгіёнаў наогул мараць пра адкрытасьць беларуска-ўкраінскай мяжы:

(Гандлярка са Шчорсу: ) “Гандаль гандлем, але наогул пажадана, каб нас прапускалі, каб межы адкрылі”.

(Карэспандэнт: ) “А што, Юшчанка абяцае”?

(Гандлярка са Шчорсу: ) “Не, нічога ён не абяцае пакуль. Той, што не абяцае, можа штосьці і зробіць, а той, хто абяцае, нічога ня робіць”.

Гэтак лічыць грамадзянка Украіны. Нягледзячы на цяжкасьці, яна прывозіць у Гомель таньнейшы ўкраінскі харч, прапануе гараджанам і зарабляе на гэтым нейкі рубель. Беларускі. Апошні, як правіла, траціцца на патрэбныя ўкраінцам прамысловыя тавары, якія яны і вязуць з Гомеля да сябе ва Ўкраіну.
XS
SM
MD
LG