Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальшыня жыхароў ВКЛ ужо ў 17 стагодзьдзі жыла паводле новага грыгарыянскага стылю


Валянціна Аксак, Менск Увечары 13 студзеня, паводле народнае традыцыі, якая склалася ў Беларусі цягам шматвяковага гістарычнага дыялёгу культураў ды палітычных ператрусаў, сьвяткуецца Шчадрэц. А яшчэ гэтае сьвята ў розных рэгіёнах краіны называецца Другая, або Шчодрая, або Тоўстая, або Багатая куцьця. Дзе-нідзе сьвята мае назоў Шчадруха, Агатуха ці Маланьня. Шчадрэц – гэта сустрэча новага году паводле старога, або юльянскага календару, які ў Эўропе, апрача Сэрбіі ды Ўкраіны, даўно ўжо ня згадваюць.

Чаму ж у Беларусі, якая ёсьць несумненнаю часткаю Эўропы, і праз 422 гады пасьля пераводу летазьлічэньня на новы або грыгарыянскі стыль, ня зьнікла традыцыя сустрэчы Новага году і па старым стылі? Гістарычныя дакумэнты сьведчаць, што беларусы перайшлі на летазьлічэньне ад даты Божага Нараджэньня неўзабаве пасьля прыняцьця хрысьціянства – гэта значыць, напрыканцы X – напачатку XI ст. Тады і пазьней яны, як і астатні эўрапейскі хрысьціянскі сьвет, прытрымліваліся календара, названага па імю ягонага складальніка знакамітагага рымскага палкаводца і вучонага Гая Юлія Цэзара – юльянскім.

У календары, аднак, існавала розьніца працягласьці паміж прынятым і рэальным астранамічным годам, які быў на 11 хвілінаў і 14 сэкундаў карацейшы. У выніку за кожныя 128 гадоў летазьлічэньня набягалі лішнія суткі, што пасунула наперад сьвяты календара, прымеркаваныя да дзён сонцастаяньня.

Таму ў 1582 годзе была праведзеная рэформа летазьлічэньня. Лішнія на той час 10 сутак аднялі. Так утварыўся новы, або грыгарыянскі стыль – па імю рымскага Папы Грыгорыя XIII, які блаславіў рэформу.

Як вядома, Беларусь тады ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. ВКЛ было адной зь першых эўрапейскіх краінаў, якія прынялі гэтую рэформу. Ужо ў 1584 годзе кароль Стэфан Баторы сваёй граматай гарантаваў тым праваслаўным падданым ВКЛ, якія не прынялі гэтае рэформы, свабоду выбару сьвяточных дзён, у тым ліку Калядаў і Новага году. Але з часам амаль усе страсьці ўгамаваліся. Бальшыня жыхароў ВКЛ ужо ў 17 стагодзьдзі жыла паводле новага грыгарыянскага стылю.

Тады ўзьнікае пытаньне, чаму цяпер значная частка беларусаў калі не сьвяткуе, то прынамсі, узгадвае пра “стары” Новы год? Дзіўная рэч, але праз дзьвесьце гадоў пасьля пераходу на новы стыль беларусы зноў сталі жыць па ранейшым, старым юльянскім календары. Змусілі іх да гэтага расейцы, захапіўшы напрыканцы 18 стагодзьдзя беларускія землі і зьліквідаваўшы дзяржаву Рэч Паспалітую, у склад якой уваходзіла тэрыторыя сучаснай Беларусі.

У расейскай імпэрыі на той час панаваў юльянскі стыль, і яго ўрад гвалтоўна ўводзіў яго на захопленых тэрыторыях. Дарэчы, традыцыю лічыць гады ад Божага Нараджэньня ў Расеі ўвёў Пётар I толькі ў 1700 годзе, а да гэтага там лічылі іх ад стварэньня сьвету. Так што Расею ад Эўропы (і ад ВКЛ у тым ліку) аддзяляла цэлых сем стагодзьдзяў. Свой рэгрэс захопнікі накінулі і беларусам, змусіўшы іх жыць па дарэформенным стылі.

Пасьля кастрычніцкага перавароту ў 1918 годзе савецкі ўрад прыняў дэкрэт аб пераводзе грамадзянскага летазьлічэньня на новы грыгарыянскі стыль. Праваслаўная царква не прыняла гэтага пераводу і сьвяткуе Новы год па-ранейшым стылі.

Два стагодзьдзі жыцьця ў падпарадкаваньні расейскай праваслаўнай царквы прывучылі бальшыню беларусаў да традыцыі, ад якое яны былі адмовіліся разам з усім цывілізаваным сьветам больш за чатырыста гадоў таму. Вось такая гісторыя з палітыкай. Простыя людзі пра тое, аднак, цяпер не задумваюцца. Яны сьвяткуюць, шчыра верачы ў праўдзівасьць шчадроўскіх чараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG