Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады выдалі ЗША двух менчукоў, якія маюць дачыненьне да скандалу зь дзіцячай парнаграфіяй


Ул. інф. Беларускія ўлады нарэшце выдалі правасудзьдзю ЗША двух сваіх грамадзянаў – менчукоў Ягора Залатарова і Аляксея Бучнева. 26-гадовы Залатароў і 27-гадовы Бучнеў маюць дачыненьне да гучнага міжнароднага скандалу, зьвязанага зь дзіцячай парнаграфіяй у Інтэрнэце, паведамляе нямецкае электроннае выданьне de.Internet.com.

Нагадаю, што год таму, 15 студзеня 2004 году ў Ньюарке, штат Нью-Джэрсі, улады ЗША абвясьцілі пра тое, што разьмешчанае ў Беларусі прадпрыемства па вытворчасьці дзіцячай парнаграфіі й служба крэдытных плацяжоў у Флярыдзе абвінавачваюцца ў распаўсюджаньні глябальнай інтэрнэт-парнаграфіі і адмываньні грошай. У справе фігуруюць тысячы выпадкаў платнага доступу на 50 парнаграфічных сайтаў у розных краінах сьвету. Што да менчукоў Ягора Залатарова і Аляксея Бучнева, то абодва як раз і былі адказныя за распрацоўку плацёжнай сыстэмы наведаньня дзіцячых порна-сайтаў.

Як паведамляе de.Internet.com, расшыфроўка банку дадзеных сэрвісу абодвух беларусаў, дапамагла сьледчым Інтэрполу зрабіць звыш за 1000 затрыманьняў. Дзьвесьце зь іх былі арыштаваныя ў ЗША. Што да Залатарова і Бучнева, то абодвух затрымалі ўпершыню ў ліпені 2003 ў Парыжы, куды іх удалося заманіць супрацоўнікам Інтэрполу.

Затым абодва на кароткі тэрмін былі перададзеныя амэрыканскім праваахоўным структурам. Аднак хуткім часам паводле закону былі дастаўленыя на радзіму, паколькі пытаньне выдачы Залатарова і Бучнева Злучаным Штатам не было дастаткова хутка вырашана паміж адпаведнымі беларускімі й амэрыканскімі структурамі.

Абодва менчукі належаць да адной з чатырох найбольш вядомых арганізаваных групаў ва ўсясьветнай порнаіндустрыі. Характэрна, што да ўсіх чатырох маюць непасрэднае дачыненьне былыя ці сапраўдныя грамадзяне Беларусі.

Такім чынам, бліжэйшым часам Залатароў і Бучнеў прадстануць перад амэрыканскім правасудзьдзем. Нагадаем, што больш за 20 год таму ЗША першымі ў сьвеце распачалі барацьбу зь дзіцячым порна. Аднак, паводле амэрыканскіх экспэртаў, дзіцячая парнаграфія ёсьць на сёньняшні дзень самым вялікім нелегальным бізнэсам у Інтэрнэце, і гэты бізнэс штодня расьце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG