Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты могуць спыніць незваротную прыватызацыю


Уладзімер Глод, Менск Нявыкарыстаныя прыватызацыйныя чэкі “Маёмасьць”, якія выдаюць грамадзянам Беларусі пачынаючы з 1994 году, могуць быць зьнятыя з абароту ўжо ў наступным годзе. Учора камісія ў справах жыльлёвай палітыкі, будаўніцтва, гандлю й прыватызацыі Палаты прадстаўнікоў разглядала праект адпаведнага закону. Калі гэты дакумэнт набудзе сілу закону, то нявыкарыстаныя чэкі здымуць з абароту, а іх уладальнікі не атрымаюць ніякай кампэнсацыі. Чым выкліканы такі радыкальны падыход да чэкаў, якія на сёньня маюць статус дзяржаўных каштоўных папераў?

Ініцыятары новага закону зыходзяць з таго, што далей немагчыма цягнуць з гэтай праблемай. Справа ў тым, што тэрмін, на працягу якога можна было атрымаць замест чэкаў акцыі прыватызаваных прадпрыемстваў альбо іх прадаць, ужо некалькі разоў падаўжалі – спачатку на год, потым яшчэ на адзін.

І тым ня менш, амаль 2,5 мільёны ўладальнікаў чэкаў нічога зь імі ня робяць, а некаторыя грамадзяне наагул іх не атрымоўвалі. Больш таго, паколькі пачалі ліквідаваць адмысловыя інвэстыцыйныя фонды, то тым людзям, якія ў свой час здалі туды свае чэкі, пачалі іх вяртаць. Пра што казаць, калі нядаўна сам міністар фінансаў Мікалай Корбут на прэсавай канфэрэнцыі гаварыў, што нават ён ня ведае, што рабіць з уласнымі чэкамі.

Зразумела, ня можа не ўзьнікнуць пытаньне: “Чаму людзі не здаюць свае чэкі ўзамен на акцыі?” І вось як адказвае на яго кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “А што за гэта атрымаеш, перадусім? Досьвед тых, хто памяняў гэтыя чэкі на акцыі, паказвае, што гэтыя людзі ня маюць ніякіх прыбыткаў. Раней, праўда, была нейкая дробязь, але такая, што шкада было час марнаваць, каб яе зарабіць. А цяпер і гэтага няма. Таму й няма ніякага сэнсу гэтым займацца.

Ну, і другое – дзяржава на прыватызацыю выносіць тыя прадпрыемствы, якія ўжо нікому не патрэбныя, толькі стратныя. Гэта такая стратэгія нашай дзяржавы – прыватызаваць тое, што стратнае. І чаму тады насельніцтва мусіць быць такім дурным, каб аддаць усе свае чэкі задарма?! Лепш ня рухацца ды сядзець дома”.

Дэпутаты ня ўпэўненыя, што калі яны прымуць новую рэдакцыю закону, то ўладальнікі чэкаў “Маёмасьць” кінуцца рэалізаваць свае каштоўныя паперы. Дэпутацкая камісія схільная да думкі, што законапраект будзе па-рознаму ўспрыняты сябрамі Палаты. Летась, калі такую магчымасьць упершыню ўзгадвалі ў Авальнай зале, шмат хто выступіў супраць – маўляў, насельніцтва не зразумее такія зьмены. Але, паўтаруся, камісія зыходзіць з таго, што трэба нешта ўсё ж рабіць, інакш праблема завісьне на нявызначаны тэрмін.

Выкупіць чэкі за кошт дзяржавы не выглядае рэальным, бо для гэтага патрэбна аж 800 мільярдаў беларускіх рублёў. У гэтай сувязі я папрасіў эканаміста Леаніда Злотнікава спрагназаваць разьвіцьцё падзеяў пры двух магчымых сцэнарах: закон будзе прыняты альбо не будзе. І вось ягонае меркаваньне:

(Злотнікаў: ) “Што так, што гэтак. Гэта ўсё роўна нічога людзям ня дасьць – ні ў першым выпадку, ні ў другім. Таму й ня будзе руху асаблівага”.

І яшчэ я хачу дадаць, што падчас размовы са спадаром Злотнікавым я ня мог не пацікавіцца, што зрабіў са сваімі чэкамі наш сёньняшні экспэрт.

(Злотнікаў – сьмяецца: ) “Я жыву адпаведна свайму сумленьню. Яны валяюцца дзесьці ў шафе”.
XS
SM
MD
LG