Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты аднадушна нэгатыўна ставяцца да ўвядзеньня больш жорсткай сыстэмы разьмеркаваньня


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія студэнты-бюджэтнікі працягваюць чакаць заканадаўчага вырашэньня свайго лёсу, зьвязанага з разьмеркаваньнем. Нагадаю, летась Аляксандр Лукашэнка выступіў зь ініцыятывай, каб выпускнікі вышэйшых навучальных установаў, якія вучацца за кошт бюджэтных сродкаў, адпрацоўвалі ў месцах разьмеркаваньня цягам 5 гадоў. Учора працу над гэтым пытаньнем завяршыла Камісія па адукацыі Палаты прадстаўнікоў.

Як паведаміў у гутарцы са мной старшыня Камісіі ў пытаньнях адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч, дэпутаты ўважліва прааналізавалі ўрадавы варыянт праекту Закону “Аб вышэйшай адукацыі” і прыйшлі да высновы, што трэба скарэктаваць дакумэнт выканаўчай улады ў бок лібэралізацыі. Аднак, гэтая лібэралізацыя, як вынікае з тлумачэньня спадара Здановіча, мала разыходзіцца зь першапачатковай ініцыятывай Аляксандра Лукашэнкі:

(Здановіч: ) “Усё-такі калі чалавек вучыўся за кошт бюджэту 5 гадоў у дзяржаўнай установе на дзённай форме навучаньня, то канешне, ён павінен аддаць належнае і нашай краіне. Аднак прымусовая 5-гадовая адпрацоўка на адным месцы, канешне – гэта пакуль непрапрацаваны момант у нашай краіне. І таму мы прапануем наступную фармулёўку: што ўсе асобы, якія атрымалі вышэйшую адукацыю на дзённай форме за кошт сродкаў рэспубліканскага ці мясцовага бюджэтаў, у тым ліку аб мэтавай падрыхтоўцы, усе яны абавязаныя адпрацаваць 5 гадоў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку цягам першых 2 год – па месцы разьмеркаваньня, якое вызначаецца камісіяй па асабовым разьмеркаваньні”.

Як стасуецца такое абмежаваньне з правамі чалавека? Праваабаронцы лічаць, што і ўрадавы варыянт, і прапанова парлямэнцкай Камісіі ў пытаньнях адукацыі заснаваныя на адным і тым жа прынцыпе – прынцыпе залежнасьці чалавека ад дзяржавы. Як зазначыла, напрыклад, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька, прапанаваная сыстэма разьмеркаваньня маладых спэцыялістаў мае блізкае падабенства з сыстэмай кантрактаў, якая ўжо атрымала ў Беларусі ўкараненьне ў працоўнай сфэры:

(Процька: ) “З пункту гледжаньня правоў чалавека адукацыя павінна быць платнай. Павінны быць дзяржаўныя субсыдыі на вучобу, як у Амэрыцы. Калі ты хочаш вучыцца, але сям’я ня можа даць табе грошай, значыцца – ідзі ў банк, вазьмі грошы і скажы, што ты адпрацуеш. Гэтыя грошы, якія возьмеш, скажаш, што аддасі праз 5 гадоў. Але я знайду працу, якая дасьць магчымасьць гэтыя грошы адпрацаваць. У нас жа дзяржава быццам бы дае ім гэтую пазыку на гэтую вучобу, але робіць зь іх раба. Гэта адзін са спосабаў рабіць рабоў з нашых грамадзянаў”.

А што думаюць на гэты конт самі студэнты, каго будзе тычыцца такая сыстэма разьмеркаваньня? Паводле маіх зьвестак, студэнцкае асяродзьдзе аднадушна нэгатыўна ставіцца да ўвядзеньня больш жорсткай сыстэмы разьмеркаваньня, паколькі зараз, нагадаю, паводле дзеючага заканадаўства, маладыя спэцыялісты пасьля сканчэньня ВНУ павінны адпрацаваць у месцах разьмеркаваньня ўсяго два гады.

Дарэчы, якраз нэгатыўная рэакцыя студэнтаў-бюджэтнікаў, што пацьвердзіў мне кіраўнік парлямэнцкай камісіі Ўладзімір Здановіч, прымусіла Палату прадстаўнікоў унесьці карэктывы ва ўрадавы дакумэнт.

Таксама нагадаю, што днямі актывісты грамадзкай арганізацыі “Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі” распачалі збор подпісаў сярод студэнтаў супраць увядзеньня 5-гадовай сыстэмы адпрацоўкі. Лідэр гэтай арганізацыі Зьміцер Яненка вось што паведаміў мне пра першыя вынікі кампаніі:

(Яненка: ) “Мы толькі ў панядзелак пачалі гэтую кампанію, і ў нас ужо больш за тысячу подпісаў ёсьць. Вельмі цудоўна гэта ўспрымаюць, студэнты ўвогуле на “ура”. У нас там на шапцы ў падпісным лісьце напісана, што гэта “Ленінскі камуністычны саюз моладзі”, то адразу ўзьнікае такі недавер да нашай ініцыятывы. Але потым, калі мы тлумачым, што мы хочам зрабіць, то ідзе гэта на “ўра”, і я вось асабіста зьбіраю подпісы, і за гэты час яшчэ ніводнага чалавека, які б быў “супраць”, я не спаткаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG