Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня АБСЭ лічыць, што Эўразьвяз можа больш зрабіць дзеля падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, чым АБСЭ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў часе спатканьня ў Варшаве міністры замежных справаў Польшчы, Аўстрыі, Вугоршчыны, Славеніі, Чэхіі і Славаччыны, адзначылі, што Эўразьвяз павінен прапанаваць Беларусі ўсе перавагі, якія вынікаюць з праграмы суседзтва, калі Менск пойдзе шляхам рэформаў. Міністры сярод іншага, выказалі занепакоенасьць лёсам Міхаіла Марыніча.

Польшча, Аўстрыя, Вугоршчына, Славенія, Чэхія і Славаччына ўваходзяць у склад міжнароднай ініцыятывы “Рэгіянальнае партнэрства”. У часе сустрэчы ў польскай сталіцы міністры замежных справаў гэтых шасьці краінаў абмеркавалі праблемы, зьвязаныя з сытуацыяй у суседніх з Эўрапейскім зьвязам краінах – ва Ўкраіне, Беларусі і на Заходніх Балканах.

Што да Беларусі, дык паводле ўдзельнікаў сустрэчы, Эўрапейскі Зьвяз павінен пашырыць усе прывілеі, зьвязаныя з Эўрапейскай палітыкай суседзтва і на Беларусь. Міністар замежных справаў Славеніі Дзьмітры Рупэл, які тыдзень таму стаў новым старшынём АБСЭ, заявіў нашаму радыё:

(Рупэл) “У Эўропе ёсьць некалькі месцаў, дзе дэмакратыя патрабуе асаблівай падтрымкі, адно зь іх – гэта Беларусь. На маю думку, у дадзеным выпадку Эўрапейскі Зьвяз можа зрабіць больш, чым АБСЭ, хаця б таму, што ў Эўразьвяз уваходзяць менш краінаў, і лягчэй дасягнуць згоды ў гэтай справе. Магчыма, Аб’яднаная Эўропа павінна будзе перагледзець сваю палітыку суседзтва што да Беларусі”.

Паводле міністраў, Эўразьвяз павінен заявіць, што запрапануе Беларусі ўсе перавагі, якія вынікаюць з праграмы суседзтва, калі Менск пойдзе шляхам рэформаў.

У адмысловай заяве, якая была распаўсюджаная пасьля перамоваў, міністры замежных справаў Аўстрыі, Вугоршчыны, Славеніі, Чэхіі і Славаччыны выказалі занепакоенасьць лёсам Міхаіла Марыніча.
XS
SM
MD
LG