Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Этычныя пытаньні клянаваньня хатніх жывёлаў: амэрыканцы пачалі клянаваць катоў і сабак


Сьвятлана Курс, Прага Амэрыканская фірма “Генэтычнае захаваньне і клянаваньне” абвясьціла ў сьнежні, што прадала першае клянаванае кацяня. Жыхарка Тэхасу заплаціла кампаніі 50 тыс. даляраў, каб клянаваць свайго ката Нікі, які сканаў летась. Цяпер фірма заявіла, што здолее клянаваць і сабак. Аднак актывісты Таварыстваў аховы жывёлаў, кажуць, што клянаваньне глыбока неэтычнае і выклікае моцныя пакуты ў жывёлаў.

Пушыстае кацяня Літл Нікі было клянаванае ад 17-гадовага ката Нікі, які летась памёр пасьля доўгага прыемнага жыцьця. Ягоная гаспадыня, Джалі, вельмі гаравала пасьля сьмерці ўлюбёнца. Аднак за 50 тыс. даляраў яна стала шчасьлівай гаспадыняй Літл Нікі, які мае ўсе звычкі старога Нікі.

Бен Карлсан, прадстаўнік каліфанійскай фірмы “Генэтычнае захаваньне і клянаваньне” прызнае, што 50 тыс. даляраў ня кожнаму аматару жывёлаў па кішэні.

(Карлсан: ) “Падазраю, што гэта заўсёды будзе паслуга для абраных. Нават, калі б яна была таннай, няшмат хто з аматараў жывёл гэтым скарыстаўся б. Бальшыня людзей лічаць за лепшае атрымаць улюбёнца традыцыйнымі спосабамі. Наш сэрвіс – для тых рэдкіх людзей, якія дакладна ведаюць, што хочуць атрымаць тую самую, любімую жывёлінку.

GSC стварае клёнаў мэтадам, які называецца перадачай храматыну. Гэта сплаў яйцаклеткі з часткай клеткі клянаванай жывёліны – новы мэтад у параўнаньні з тым, якім была створаная ў 1996 г. нябожчыца авечка Долі, якая памерла заўчасна ад артрыту й запаленьня лёгкіх. Аднак нават пры ўдасканаленым мэтадзе GSC траціна клянаваных кацянят не дажывае і да двух месяцаў. Праект клянаваньня GSC сутыкнуўся з жорсткім непрыманьнем з боку актывістаў аховы правоў жывёлаў. Яны цьвердзяць, што працэдура клянаваньня бязьлітасна жорсткая.

Ўэйн Пасэлі ачольвае Амэрыканскае таварыства гуманнасьці, адну з самых моцных арганізацыяў ЗША.

(Пасэлі: ) “Кланаваньне – гэта экспэрымэнтальная працэдура з сотняю няўдач на адно ўдалае нараджэньне. Гэта азначае, што жывёлы паміраюць перад нараджэньнем і адразу пасьля нараджэньня. Гэтак званае “ўдалае нараджэньне” – калі жывёлы жывуць колькі месяцаў або гадоў – зьвязаныя з хранічным болем, фізычнымі адхіленьнямі. Клянаваныя жывёлы ад пачатку маюць хваробы, якія натуральна народжаныя жывёлы набываюць у працэсе жыцьця. Клянаваньне – працэс, які прыносіць новыя праблемы ў абароне правоў жывёлаў.

У той час, як заканадаўцы абмяркоўваюць небясьпекі клянаваньня чалавека, досьледнае клянаваньне жывёлаў ідзе поўным ходам. Гаспадары клянаваных жывёлаў радуюцца, што ім удалося падмануць сьмерць. А самі дасьледчыкі ня хочуць разглядаць пытаньне этыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG