Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое сутак арышту за патрабаваньне свабоды Марынічу


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Актывіст руху “Зубр” быў асуджаны на трое сутак арышту за палітычныя графіці.

Сёньня ў 2 гадзіны начы магілёўскія міліцыянты затрымалі актывіста руху “Зубр” Максіма Дварэцкага, калі ён у цэнтры гораду на вуліцы Першамайскай пісаў “Свабоду Марынічу!”. Сёньня ж суд Ленінскага раёну Магілёва разгледзеў гэтую справу. Максіма абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Судовае слуханьне, паводле зуброўцаў, скончылася вельмі хутка. Сябры Дварэцкага распавялі, што судзьдзя не задаволіла хадайніцтва Максіма аб прадстаўленьні яму адваката, адмовілася выслухаць сьведкаў з боку падсуднага, а міліцыянты засьведчылі, што малады чалавек маляваў графіці, нецэнзурна лаяўся і дэбашырыў. Прысуд зуброўцу — трое сутак арышту.

Сытуацыю камэнтуе каардынатар руху “Зубр” у Магілёўскай вобласьці Алег Мяцеліца:

(Мяцеліца: ) “Марыніч і Леванеўскі, невінаватыя людзі, сядзяць за кратамі. За тое, што людзі нейкім чынам хочуць падтрымаць іх, актывізаваць людзей, зьвярнуць увагу на тое, што адбываецца ў нашай краіне, таксама іх карае міліцыя”.

Таксама Максім Дварэцкі і два яго паплечнікі Павал Угрыновіч і Дзяніс Крываносаў неўзабаве будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці за акцыю ў Горках, якая прайшла роўна тыдзень таму. Зуброўцы распаўсюджвалі ў студэнцкім гарадку і навучальных карпусах Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі газэту “Выбар”, якая распавядала пра фальсыфікацыі вынікаў рэфэрэндуму і выбараў у парлямэнт. Маладых людзей затрымалі міліцыянты і склалі на іх пратакол, які будзе разгледжаны адміністрацыйнай камісіяй.
XS
SM
MD
LG