Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка кажа, што замежныя інвэстыцыі ў Беларусь усё адно не пацякуць


Юры Сьвірко, Менск Аляксандар Лукашэнка падчас нарады наконт мажлівасьці атрыманьня Беларусьсю сувэрэннага крэдытнага рэйтынгу заявіў, што гэты рэйтынг — не самамэта. Яго непакоіць мажлівы прыезд экспэртаў, якія “будуць цягацца па краіне, вывучаць сытуацыю і павязуць інфармацыю ў ЗША”.

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што дзеля атрыманьня крэдытаў і інвэстыцыяў краіны намагаюцца мець сувэрэнны крэдытны рэйтынг, які ёсьць сыгналам для банкаў, крэдытных арганізацыяў, урадаў — “можна ці нельга даваць крэдыты той або іншай краіне”. Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што прапанову пра сувэрэнны крэдытны рэйтынг ён атрымаў яшчэ год таму, і дадаў:

(Лукашэнка: ) “Я паставіў пытаньне: дзе гарантыя таго, што мы атрымаем прымальны для нас сувэрэнны крэдытны рэйтынг? Здавалася б, фінансы не павінны быць завязаныя на іншыя пытаньні”.

Аднак апошнім часам грошы пахнуць найперш палітыкай, дадаў спадар Лукашэнка і ня выключыў, што Беларусі найхутчэй дадуць спэкуляцыйны рэйтынг, хаця краіна, на ягоную думку, у параўнаньні з былымі савецкімі рэспублікамі, у прыватнасьці Малдовай, павінна мець вельмі салідны рэйтынг.

“Але мне кажуць, што нам дадуць такі ж рэйтынг — на іх узроўні, а зь цягам часу будуць яшчэ торгаць за гэтую нітачку і пагражаць рэйтынгам на ўзроўні дэфолту”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. Ён таксама нагадаў, што ўзяў іншы курс разьвіцьця, і дадаў: “Нават калі мы будзем мець добры крэдытны рэйтынг, усё адно нам грошай проста так ніхто ня дасьць. Што, у нашу краіну пацякуць капіталаўкладаньні ды інвэстыцыі? Не пацякуць!”

На думку кіраўніка дзяржавы, замест рэйтынгу афіцыйны Менск можа атрымаць удар ніжэй поясу, а менавіта — прыезд экспэртаў, якія “будуць цягацца па краіне, вывучаць сытуацыю і павязуць інфармацыю ў ЗША”. Спадар Лукашэнка мяркуе, што ўсе рэйтынгавыя кампаніі залежаць ад амэрыканскага ўраду.

А ўрад Беларусі меў намер яшчэ ў першым квартале сёлета атрымаць сувэрэнны крэдытны рэйтынг. Гэта было зацьверджана супольным плянам дзеяньняў Савету Міністраў і Нацыянальнага банку. Кіраўнік апошняга Пятро Пракаповіч летась у ліпені заявіў: “Гэта неабходна зрабіць як мага хутчэй, а лепш, каб гэта было зроблена ўжо ўчора. Няма аб’ектыўных або суб’ектыўных прычын, каб гэтага не зрабіць”.

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, у атрыманьні сувэрэннага рэйтынгу вельмі зацікаўленыя беларускія кампаніі, найперш банкі. Ён зазначыў, што Аляксандар Лукашэнка прадстаўляе беларускую эканоміку як “маладога тыгра”, але пра гэта ведаюць толькі ў Менску. Крэдытны рэйтынг Беларусі мог бы гэта зьмяніць.

Пакуль у Беларусі свой крэдытны рэйтынг маюць толькт тры банкі — “Беларусбанк”, “Белпрамбудбанк” і “Белаграпрамбанк”. Агенцтва “Fitch Rаtings” надало ім аднолькавы рэйтынг — “ССС+/Стабільны”. Уся Беларусь разьлічвае на сувэрэнны рэйтынг, ня горшы за расейскі, а менавіта “B–” (Бэ-мінус) паводле шкалы кампаніі “Standard and Poor’s” ці “ВВВ–” паводле “Fitch Rаtings”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG