Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распаўсюд улётак ды каляндарыкаў ад Радыё Свабода кваліфікуецца як крымінал


Браніслава Станкевіч, Віцебск Кастусь Горны быў затрыманы за распаўсюд улётак ды каляндарыкаў ад Радыё Свабода, аднак старшыня камісіі заявіў, што гэтая справа мае крымінальны характар і будзе разглядацца толькі ў прысутнасьці міліцэйскага нараду.

Выкліканыя сёньня на пасяджэньне адміністрацыйнай камісіі Кастрычніцкага раёну сябры Партыі БНФ Кастусь Горны і Ўладзіслаў Токараў чакалі ў калідоры свайго выкліку амаль гадзіну. Увесь гэты час яны рыхтаваліся даводзіць, што іхнае затрыманьне 28 сьнежня мінулага году за распаўсюд улётак пра парушэньні ў часе выбараў ды каляндарыкаў з раскладам перадачаў Радыё Свабода ёсьць беспадстаўным.

Але выкліканаму апошнім з усіх прысутных Кастусю Горнаму старшыня камісіі Міхаіл Дзядзінкін заявіў, што разглядаць ягоную справу гэтым разам ня будзе, а на наступнае пасяджэньне выкліча нарад міліцыі з Кастрычніцкага райаддзелу — у якасьці сьведкаў сьнежаньскага затрыманьня, а таксама й дзеля аховы парадку. Бо гэтая справа, на ягоную думку, мае крымінальнае адценьне.

(Горны: ) “Я ня ведаю, чаму старшыня камісіі вырашыў, што тут ёсьць “крымінальнага адценьне”, але, як мне падаецца, падобныя камісіі звыклі разглядаць толькі нейкія дробныя парушэньні — кшталту парушэньняў ліцэнзаваньня або незаконнага гандлю. І яны проста не гатовыя разглядаць справы палітычныя”.

Разгляд справы Кастуся Горнага быў перанесены на 26 студзеня. А што да справы Ўладзіслава Токарава, то, як высьветлілася, міліцыянты няправільна аформілі дакумэнты, і яны мусяць разглядацца ў адміністрацыйнай камісіі Першамайскага раёну. Такім чынам, спадар Токараў марна страціў дзьве гадзіны ўласнага часу.

Парушэньні з боку міліцыянтыў, якія іх затрымлівалі ды афармлялі пратаколы, спадары Токараў ды Горны зафіксавалі ў сваіх скаргах, накіраваных у абласную пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG