Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Лябедзька лічыць, што мяняць пазытыўную тэндэнцыю ў справе кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі няма патрэбы


Уладзімер Глод, Менск 12 студзеня ўпершыню сёлета прайшла сустрэча лідэраў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якія ўваходзяць у Народную кааліцыю “Пяцёрка+”. Паводле інфармацыі яе ўдзельнікаў, першая дэкада 2005 году была для іх ня часам адпачынку, а сур’ёзнай працы.

Ня выключана, што ўжо літаральна праз тыдзень мы можам даведацца імя чалавека, які стане адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Зьвестка пра такую магчымасьць прагучала ў адмысловым інтэрвію, якое пасьля заканчэньня сустрэчы даў для нашага радыё лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Ня маю мажлівасьці раскрываць усе падрабязнасьці, скажу толькі, што сёньня зроблены вельмі значны і істотны крок да таго, каб на прэзыдэнцкіх выбарах мы ўсё ж мелі адзіную стратэгію, адзіны плян, адзінага кандыдата. Я думаю, што падрабязнасьці будуць агучаныя на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі дзесьці праз тыдзень. Нам патрэбна яшчэ правесьці кансультацыі зь іншымі суб’ектамі. А наагул мы сёньня вельмі канструктыўна дамовіліся адносна стратэгіі, пляну супольных дзеяньняў”.

Іншыя ўдзельнікі сёньняшняй сустрэчы, як і мой суразмоўца, адмовіліся паведаміць падрабязнасьці, паколькі існуе агульная дамоўленасьць не раскрываць картаў раней вызначанага часу. Я спытаў кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі аб рэакцыі ўдзельнікаў сёньняшняга паседжаньня на ўчорашнюю прапанову Рады грамадзянскіх ініцыятываў “Свабодная Беларусь” — выпрацаваць новую дзейсную стратэгію беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Паводле майго суразмоўцы, мяняць цяперашнюю тэндэнцыю кансалідацыі дэмакратычных сілаў не выглядае неабходным:

(Лябедзька: ) “Агульная тэндэнцыя нас задавальняе. Ужо ёсьць пэўныя напрацоўкі ў справе кансалідацыі дэмакратычных сілаў. І мяняць пазытыўную тэндынцыю цяпер? Ну, гэта было б неразумна. А па-другое, мы можам разглядаць любыя прапановы да стратэгіі. Пажадана, каб іх прапаноўвалі ўсё ж нейкія рэальныя сілы, а ня проста асобы”.
XS
SM
MD
LG