Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністр унутраных справаў Беларусі Ўладзімір Навумаў зьбіраецца будаваць катэдж у прэстыжным раёне пад Менскам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў распавёў журналістам пра вынікі барацьбы са злачыннасьцю ў 2004 годзе. Таксама прагучаў камэнтар міністра да рашэньня эўрапейскіх краінаў не пускаць яго на тэрыторыю Эўразьвязу і зьвесткі пра будаўніцтва асабістага катэджу.

12 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Ўладзімір Навумаў распавёў пра вынікі барацьбы са злачыннасьцю ў 2004 годзе. Паводле міністра, злачынстваў стала болей, хаця цяжкіх сярод іх паменшала.

Журналісты папрасілі генэрала Навумава пракамэнтаваць тое, што летась ён патрапіў у сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім краіны Эўразьвязу забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю з прычыны магчымай датычнасьці да палітычна матываваных зьнікненьняў . Вось што сказаў на гэта Уладзімір Навумаў.

(Навумаў: ) ”Я неаднаразова чуў, што існуюць нейкія падвойныя, патройныя ды іншыя стандарты. Мяне ўвесь час выхоўвалі ў грамадзтве, дзе прынята, што віну любога чалавека можа вызначыць толькі суд. Але калі нейкія палітыкі пасьля адной размовы бяруць на сябе права вызначаць, што ты вінаваты, я гэта камэнтаваць ня буду.”

Уладзімір Навумаў запэўніў, што зьніклых апазыцыянэраў Захаранку, Ганчара, Красоўскага і Завадзскага шукаюць гэтак жа упарта, як і яшчэ амаль тысячу беларускіх грамадзянаў, якія лічацца зьніклымі бязь вестак. У міністра Навумава запыталіся, ці праўда, што ён будуе катэдж у прэстыжным раёне “Лебяжье” побач з пасёлкам Дразды, дзе знаходзіцца рэзыдэнцыя прэзыдэнта Беларусі.

(Навумаў: ) “У мяне пакуль няма загараднага дома, але я зьбіраюся там будавацца”.

Уладзімір Навумаў паабяцаў у будучыні назваць суму крэдыту, які возьме ў “Беларусбанку” пад будаўніцтва і аплату ўчастка зямлі. Паводле Навумава, да яго зьвярнуліся два хакеісты, якія гуляюць у Расеі і таксама хацелі б пабудавацца ў гэтым раёне. Навумаў не патлумачыў, якога кшталту паслугі ён ім аказваў. Што да крэдыту на будаўніцтва, то, паводле міністра ўнутраных справаў, становішча з крэдытамі ў Беларусі наступнае.

(Навумаў: ) ”Усім грамадзянам Беларусі даюць крэдыт. Дакладней, не даюць, а яны самі бяруць”.

Паводле зьвестак, каля Драздоў ужо некалькі месяцаў вядзецца будаўніцтва катэджаў. Сярод забудоўшчыкаў называюць вышэйшых чыноўнікаў і спартоўцаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Адмыслоўцы лічаць, што рынкавы кошт кожнага з такіх катэджаў празь некалькі гадоў будзе складаць сотні тысяч даляраў, і банкаўскія крэдыты на іх будаўніцтва акупяцца шматразова.
XS
SM
MD
LG