Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“З нашымі заробкамі мы ня тое што аднаго бэйбі, але й самі па сабе асабліва вольна пад’есьці ня можам”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 12 студзеня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Саскевіч Мікола: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Я хачу адказаць на выказваньне дыктатара аб тым, што ў нас у Беларусі ўкраінская і грузінская рэвалюцыя ня пройдзе. Не дыктатару вырашаць гэта! Усё будзе вырашаць народ! А народ зносіў і манархаў-імпэратараў, і крывавых дыктатараў, зьнясе і гэты бяспраўны антынародны дыктатарскі рэжым! І ў дадатак хачу працытаваць дзьве нашыя гістарычныя фразы для прагнілага дыктатарскага рэжыму на Беларусі. Просты народ бліжэй да ісьціны і часта прадбачыць тое, што не заўважаюць мудрацы. Але ён у нас нават і не мудрэц, а проста нахабны дыктатар. І вось другая фраза. Труна гатовая, і века павінна зачыніцца! Магільшчыкі ўжо чакаюць. Дзякуй за ўвагу. Жыве Беларусь і Свабода!”

(Спадарыня: ) “Вы ўвесь час крытыкуеце Лукашэнку за тое, што на Беларусі няправільна праводзяцца выбары – фальсыфікуюцца. А што вы скажаце пра тое, што Буш не дапусьціў замежных назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі. А гэта яўны факт таго, я лічу, што посьпех на карысьць Буша быў загадзя сфабрыкаваны. І ня думаю, што там недзе больш за 50 адсоткаў прагаласавала за Буша. Таму што амэрыканскія людзі супраць таго, каб ён вёў войны, а гэты ваш сусьветны жандар толькі і ўмее бамбіць. Ён столькі губіць людзей, і чужых, і сваіх, асуджае на сьмерць, на інваліднасьць, і ўвогуле людзі потым пакутуюць усё сваё пакінутае жыцьцё. Растлумачце, калі ласка, чаму ён не дапусьціў на выбарчыя ўчасткі замежных назіральнікаў”.

(Спадар: ) “Добры вечар, Свабода! Дзяржава павінна лічыцца зь меркаваньнем народа, ня лезьці напралом, як гэта робіць паўночна-карэйскі рэжым і рэжым выспы Свабоды Фідэля Кастра. Не арыштоўваць людзей, калі яны жадаюць выказаць сваю думку, не накладаць на іх штрафы, а сесьці зь імі за круглы стол, абмеркаваць тое, з чым яны нязгодныя. Арыштамі людзей нічога не даможасься! Калі мы хочам стаць цывілізаванай краінай, то патрэбен не паліцэйскі рэжым, а дыялёг зь людзьмі. Вось давайце пасадзім мудрага шынкара насупраць гэтых юнакоў, якія памыляюцца, і хай ён сваёй мудрасьцю распазнае іх памылковыя думкі. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Добры вечар, Радыё Свабода! Дзякуй, што вы ёсьць і, я спадзяюся, што вы будзеце заўжды. Я хацеў бы данесьці такую інфармацыю для слухачоў, асабліва да ўладальнікаў спадарожнікавых талерак, што зараз Радыё Свабода можна слухаць праз спадарожнікавую талерку, накіраваную на спадарожнік Hot Bird 13 градусаў. Проста трэба знайсьці канал, які завецца W Channel на частаце 12228 з вэртыкальнай палярызацыяй. Тут можна знайсьці на чацьвёртай гукавай дарожцы Радыё Свабода на беларускай мове. Гэтая інфармацыя карысная тым, што можна яе ўспрымаць не праз прымач, які не заўжды добра працуе, і розныя перашкоды атрымліваюцца, а ў добрай якасьці. Я хацеў бы, каб людзі проста пра гэта ведалі і слухалі Радыё Свабода. Дзякуй Вам вялікі, што Вы ёсьць. Усяго найлепшага. Мы будзем разам”.

(Маісенка Генадзь: ) “Шчырае прывітаньне, шаноўныя! Я таксама жадаў бы мець ня менш за чатырох-пяць дзетак і дзьве жонкі, калі б царква дазволіла, для выратаваньня дэмаграфіі. Праўда, яшчэ пры воднай ўмове: каб праца была неблагая і плацілі ня меней 10-20 тысяч даляраў – і гэта яшчэ “ў прыцірачку”. А так, з нашымі заробкамі, мы часьцей ня тое што аднаго бэйбі, але й самі па сабе асабліва вольна пад’есьці ня можам. Таму для нас, звычайных людзей, гэтая дэмаграфія з узору фантастыкі. Праўда, у нас ёсьць багаценькія Бураціны, якія маюць ад 14 мільярдаў да 1 мільёна – вось бы яны і пастараліся за нас, зьнямоглых і галодных. Палова п’е з ласкі іхняй, палова ўжо ня можа з голаду, не працуе, што трэба, а хто яшчэ ў моцы – няма ўвогуле за што”.

(Цярэшка Мікола: ) “Я прашу працаўнікоў радыё не даваць у этэр запісы гэтага правакатара, які абвінавачвае Шушкевіча, што той некалі зьеў увесь алей, а яму трэба было стаяць у чарзе па 300 грам алею. Пакуль не назаве сваё прозьвішча, не раскажа трошкі пра сябе, дзе ўзяў грошы на тэлевізар, за якім стаяў тры гадзіны ў чарзе перад Новым годам… Хай раскажа, ці стаяў ён хоць раз у ланцугу неабыякавых людзей разам зь Лябедзькам, якога ўжо другі раз абвінавачваюць у бязьдзейнасьці. Калі ён беларус, то ён нават адмовіўся ад мовы бацькоў, і хай тэлефануе на палітызаваныя тэлебачаньне і радыё, там я налічваю ня менш шасьці каналаў. На вашым радыё павінна быць ідэалёгія беларускасьці, праўды, а не хлусьні і правакацыі”.

(Уладзімер Белы: ) “Упэўнены, што вашае радыё калі і не слухае прэзыдэнт, то яго службы, напэўна, гэта робяць і яму дакладаюць. Таму праз вашае радыё хачу выказацца вось пра што. У калядным звароце да народа прэзыдэнт заклікаў дараваць адзін аднаму. Мы, таварыш прэзыдэнт, даруем вам, калі вы нас называеце “вашывымі блохамі”, “спэкулянтамі”, “адмарозкамі” і г.д. А калі нават не абражаем, а крытыкуем вас, вашыя суды нас саджаюць за абразу прэзыдэнта. Паверце, што ня ўсе беларусы да такой ступені тупыя і ня бачаць, што вашыя словы ўсё часьцей не супадаюць з вашымі справамі. Таму ў гэтыя калядныя сьвяты кажам: не судзі, і не судзімы будзеш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG