Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто й за што атрымаў сёлета прэміі “За духоўнае адраджэньне” і спэцыяльныя прэміі прэзыдэнта?


Валянціна Аксак, Менск У творчых асяродках краіны працягваюць абмяркоўваць імёны ляўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэньне” і спэцыяльных прэміяў прэзыдэнта краіны дзеячам культуры і мастацтва, якую штогод Аляксандар Лукашэнка ўручае на праваслаўныя Каляды. Ацэнкі асобаў ляўрэатаў і факту ўганараваньня сёлета прэзыдэнцкімі прэміямі некаторых незаангажаваных у афіцыйную культуру творцаў маюць супрацьлеглы характар.

Сьпіс ляўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэньне” пачынаецца з дырэктаркі рэдакцыйна-выдавецкае ўстановы “Літаратура і мастацтва” Таісы Бондар, вядомай паводле шматлікіх вершаваных панэгірыкаў у гонар кіраўніка краіны, якога яна называе “абраньнікам бога”, а таксама паводле рэзка зьняважлівых публічных выказваньняў у адрас пісьменьнікаў адкрытай дэмакратычнай арыентацыі. Таму ўзнагароджаньне яе прэзыдэнцкаю прэміяй выглядае цалкам лягічна. Дзіўна хіба, што яна дагэтуль была яшчэ “неўляўрэачаная”.

А вось ксёндз, пробашч парафіі касьцёлу Сьвятой Ганны ў вёсцы Мосар Глыбоцкага раёну Ёзас Булька, кіраўнічка рэспубліканскай навукова-асьветнае праваслаўнай экспэдыцыі “Дарога да сьвятыняў” Ніна Загорская, калектыў стваральнікаў фотаальбому “Спадчына Беларусі” сапраўды вартыя гэтае прэміі – сказаў мне ўчора старшыня Таварыства беларускай мовы, вядомы гісторык Алег Трусаў – гэтаксама як і ляўрэаты спэцпрэміі прэзыдэнта, мастачка-керамістка Тамара Васюк, дырэктарка літаратурнага музэю Якуба Коласа Зінаіда Камароўская, кіраўнічка харэаграфічнага ансамблю “Харошкі” Валянціна Гаявая. Іх уганараваньне, на думку А.Трусава, сьведчыць пра тое, што ўлада ўжо змушаная лічыцца з нацыянальнымі творцамі і сапраўднымі носьбітамі духоўнасьці.

А вось старшыня ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі лічыць, што суседзтва ў сьпісе ляўрэатаў з публіцысткай Нінай Шэлдышавай ды тэлерэжысэрам Юрыем Азаронкам дыскрэдытуе паважных творцаў.

(Баршчэўскі: ) “Публіцыстыка Шэлдышавай, якую яна яшчэ ў сумнай памяці “Политическом собеседнике” практыкавала – гэта антысэмітызм, гэта антыдэмакратычнасьць. Ну а фільмы Азаронка любы можа ацаніць сам, на якім узроўні яны зроблены. Ні рэжысэрскага, ні публіцыстычнага дару там няма, гэта аглабельная прапагандысцкая гебельсаўшчына. Думаю, што атрымоўваць у кампаніі з такімі людзьмі адпаведную прэмію нармальны творца ўсё-ткі б не пагадзіўся. І гэта хутчэй дыскрэдытуе нармальных ляўрэатаў прэміі, чым абяляе тых, хто атрымаў яе паводле прапагандысцкай замовы”.

На думку старшыні ПЭН-цэнтра, улада наўмысна ганаруе некаторых нацыянальных творцаў разам з пэрсонамі афіцыйнае прапаганды. Л.Баршчэўскі папярэджвае пра небясьпеку далейшае спакусы:

(Баршчэўскі: ) “Зьяўленьне такіх асобаў як Азаронак і Шэлдышава ў сьпісе ляўрэатаў прэміі гэтага года – гэта сьведчаньне таго, што ўлада якраз хоча як бы ня столькі абяліць гэтых двух, колькі замазаць тых астатніх, і гэта небясьпечная тэндэнцыя”.

Дарэчы, сьпіс ляўрэатаў, у адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, сёлета быў надрукаваны ў дзяржаўных газэтах толькі праз чатыры дні пасьля самой цырымоніі.
XS
SM
MD
LG