Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвяры пераблыталі зіму зь вясною?


Галіна Жарко, Менск Надзвычайна цёплае для студзеня надвор’е абудзіла зьвяроў, якія гэтаю парою, паводле прыродных законаў, павінны спаць. Зь бярлогаў ды нораў павылазілі мядзьведзі, барсукі й вожыкі.

Сапраўды, цягам некалькіх тыдняў тэмпэратура паветра трымаецца вышэй за нуль, і сьнег у беларускіх лясах, якога й так было няшмат, зусім растаў. У многія мядзьведжыя бярлогі трапіла вада, на зьвярах намокла поўсьць, яны адчулі дыскамфорт, вось і павылазілі. Яшчэ лесьнікі пачалі сустракаць абуджаных барсукоў ды вожыкаў. А вось жабаў, мышэй, зьмеяў, якімі тыя харчуюцца, няма – у іх працягваецца сьпячка.

У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя між тым аніякіх прычынаў для трывогі не бачаць. Супрацоўніца міністэрства Лізавета Каралевіч:

(Каралевіч: ) “Пакуль што праблемы няма. У нас няма зьвестак, што яны бядуюць, кепска сябе адчуваюць. Што зь імі нешта здарылася… У нас такіх сыгналаў няма”.

Заолягі лічаць, што зьвяры вернуцца ў норы, калі ўпэўняцца, што есьці няма чаго. Паводле навукоўцаў, насельнікі беларускіх лясоў быццам бы пачалі прызвычайвацца да наступстваў глябальнага пацяпленьня. Сьнежань у апошнія гады быў самым цёплым зімовым месяцам, дык і тэрміны, калі мядзьведзі ды дробныя зьвяры – барсукі й вожыкі – упадаюць у сьпячку, таксама адсунуліся на больш позьні час.

Мядзьведзі, якія прачынаюцца сярод зімы, бываюць небясьпечнымі. Дырэктар Інстытуту біялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Нікіфараў ня бачыць небясьпекі ні для людзей, ні для саміх жывёлаў. Паводле ягонага меркаваньня, сёлета нават ня ўсе мядзьведзі яшчэ пахаваліся ў бярлогі, каб заснуць. А пытаньне наконт небясьпечнае сустрэчы зь мядзьведзям-шатуном выклікала ў Міхаіла Нікіфарава іранічную рэакцыю.

(Нікіфараў: ) “Мядзьведзі выйшлі на паляваньне, так? А хто вам сказаў, што яны пакінулі норы? Каб былі суровыя ўмовы, маразы рэзка ўдарылі... А калі надвор’е такое самае, як у кастрычніку, дык ім нічога не пагражае. Што тычыцца мядзьведзяў, дык яны выйшлі, пахадзілі, паглядзелі і зноў залягуць, калі халады надыдуць. Вучоныя пакуль трывогу ня б’юць.

Сустрэць мядзьведзя ў беларускім лесе ня так проста, бо іх няшмат: заолягі падаюць лічбу 120-130. А мядзьведзь-шатун – гэта мядзьведзь, якога гвалтам падымуць сярод зімы паляўнічыя. Ён робіцца злосным і небясьпечным ад бяскорміцы, калі ўсё пад сьнегам.

Тыя ж зьвяры, якім сёлета ня сьпіцца, мяркуючы па словах заолягаў, увогуле выглядаюць гэткімі каляднымі мядзьведзікамі, бо назапасілі дастаткова тлушчу – год быў ягадны. Залішнія тлушчавыя запасы могуць быць таксама адною з прычынаў іхнае актыўнасьці, бо ў сьне замаруджваюцца абменныя працэсы, і тлушчу расходуецца значна меней... Як кажуць вясковыя людзі, “як ня ўежна, дык улежна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG