Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія апазыцыянэры дамагаюцца канструктыўнага дыялёгу зь мясцовымі ўладамі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Увечары 11 студзеня лідэры магілёўскіх арганізацыяў апазыцыйных партыяў вырашалі, якія пытаньні і праблемы трэба абмеркаваць з кіраўніцтвам “вэртыкалі” Магілёўскай вобласьці. Справа ў тым, што напярэдадні дэмакраты зьвярнуліся з лістом да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Барыса Батуры з просьбай аб сустрэчы і таму спадзяюцца на пачатак канструктыўнага дыялёгу з уладамі.

Пачаць зносіны апазыцыі і ўлады на мясцовым узроўні заклікалі кіраўніка рэгіёну магілёўскія лідэры АГП, БНФ, БСДГ і ПКБ. Гэта ня першая спроба магілёўскіх дэмакратаў пачаць дыялёг з мясцовым кіраўніцтвам. Апошняя была перад парлямэнцкімі выбарамі, і “вэртыкаль” яе праігнаравала. Аднак апазыцыянэры робяць новую прапанову аб сустрэчы.

“Мы зьяўляемся прадстаўнікамі партыяў, якія ў шмат якіх пытаньнях маюць пункт гледжаньня, які адрозьніваецца ад афіцыйнага”, гаворыцца ў лісьце да старшыні аблвыканкаму Барыса Батуры. “Разам з тым мы разумеем, што не існуе абсалютнай ісьціны, і што яна нараджаецца ў дыскусіях”.

Гаворыць адзін зь ініцыятараў звароту да ўладаў – старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў:

(Шанцаў: ) “Мы жадаем, каб Беларусь была адкрытай, дэмакратычнай дзяржавай, каб тут былі розныя думкі і магчымасьці для іх абмеркаваньня. Усе ведаюць, што мы пастаянна абвінавачваем адзін аднаго. Той бок не разумее наш бок. Для пачатку паразуменьня патрэбны перамовы, безумоўна”.

Калі сустрэча ўладаў і дэмакратаў адбудзецца, то якія самыя галоўныя праблемы будуць на ёй узьнятыя? У кожнай партыі ў зьвяз з гэтым ёсьць сваё меркаваньне. Магілёўскія камуністы лічаць, што найперш трэба запытацца ўладу пра правядзеньне выбараў і рэфэрэндуму. А вось сябры БНФ найбольш зацікаўлены ў абмеркаваньні новых актуальных праблемаў. Гаворыць іх лідэр Рыгор Кастусёў:

(Кастусёў: ) “Нас хвалююць тыя працэсы, якія цяпер адбываюцца ў сувязі з перарэгістрацыяй структураў палітычных і грамадзкіх арганізацыяў. Таксама нас ня меней хвалюе, што пачаліся пасьля выбараў звальненьні нашых сяброў, сяброў розных палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, з працы”.

Таксама дэмакраты плянуюць абмеркаваць эканамічнае становішча ў вобласьці. Іх непакоіць, што на тле бадзёрых справаздачаў пра падвышэньне тэмпаў росту вытворчасьці ўсё ж скарачаюцца працоўныя месцы, нават самае буйное прадпрыемства ў вобласьці “Хімвалакно” працуе далёка не на поўную магутнасьць, і гэта адбіваецца на заробках людзей, на іх узроўні жыцьця.

Першы сакратар Магілёўскага абкаму КПБ Уладзімір Падалян паведаміў, што адказу з аблвыканкаму пакуль няма. Аднак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, можа быць арганізаваная сустрэча з кіраўніцтвам управы ідэалёгіі. І якраз зь ідэолягамі дэмакраты хочуць абмеркаваць пытаньне пра магчымасьць выступленьняў у абласных СМІ паводле закону аб палітычных партыях – натуральна, калі сустрэча адбудзецца, як усё ж спадзяюцца магілёўскія апазыцыйныя лідэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG