Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст М.Залескі: для сапраўднай абароны айчынных вытворцаў беларускай дзяржаве варта будзе зноў пабудаваць жалезную заслону


Юлія Шарова, Менск Некаторыя беларускія тавары цяпер будуць падлягаць падвойнай уцэнцы. Гэты мэханізм Міністэрства гандлю ўводзіць, каб такія тавары лепей прадаваліся на ўнутраным рынку. Разам тым чакаецца, што неўзабаве ўрад можа ўвесьці абмежаваньні на імпарт некаторых тавараў, якія цяпер складаюць канкурэнцыю айчынным аналягам.

У пералік кватаваных айчынных тавараў для рэалізацыі на ўнутраным рынку ўваходзяць 10 найменьняў харчовых тавараў і 27 – нехарчовых. Ёсьць яшчэ дадатковыя пазыцыі, кшталту шакаляду, крупаў ды мукі. І з рэалізацыяй некаторых з гэтых тавараў айчыннай вытворчасьці ёсьць пэўныя праблемы. Каб распрадаць назапашаныя тавары, вырашана, што, па-першае, самі прадпрыемствы-вытворцы павінны панізіць іхную цану, а па-другое – прадпрыемствы гандлю мусяць зьнізіць кошт.

Як заяўляў намесьнік міністар гандлю Міхаіл Сьвянціцкі, гэты захад носіць адміністрацыйны характар, але дзеля добрай мэты трэба пацярпець усім, у тым ліку работнікам гандлю. Сярод такіх праблемных тавараў называюцца кансэрвы садавіны і гародніны. Памер квоты для пастаўкі на ўнутраны рынак склаў 180 мільёнаў слоікаў, то бок практычна ўсё, што выпускаецца на беларускіх прадпрыемствах, а прадаць гэтае багацьце за мяжу ніякіх шансаў няма. Таму варта зьнізіць кошт на гэтыя тавары, лічаць у Міністэрстве гандлю.

Адметна, што квоты для айчынных тавараў на ўнутраным рынку значна павялічваюцца, хоць прадаюцца гэтыя тавары ўсё горш. Для прыкладу, на гэты год удвая павялічылі квоту на дастаўку шакаляду (да 6 тысяч тон). Такім чынам чыноўнікі зь Міністэрства гандлю спрабуюць “спакойна” замяніць расейскія цукеркі, якія карыстаюцца ўсё большым попытам, на беларускія.

Летась Міністэрства замежных справаў распачало антыдэмпінгавае расьсьледваньне ў дачыненьні якраз расейскіх кандытараў. У лістападзе 2004 году канцэрн “Белдзяржхарчпрам” зьвяртаўся да ўраду з просьбай увесьці абмежаваньні на імпарт расейскага шакаляду й печыва. Цяпер у гандлёвай сетцы прысутнічае каля 70 адсоткаў імпартнага шакаляду й 56 адсоткаў печыва, значная доля якога прападае на расейскую прадукцыю. Таму цалкам магчыма, што тут увядуць нейкія антыдэмпінгавыя санкцыі.

Але, як мяркуе эканаміст Міхал Залескі, такія абмежаваньні, а таксама павелічэньне квотаў на дастаўку айчыннай прадукцыі істотнага плёну не прынясуць.

(Залескі: ) “Для спажыўца зноў вернецца тое, што знаёмае людзям старэйшага веку. Гэта – дэфіцыт. Дэфіцыт у Савецкім Саюзе існаваў не таму, што нічога не было. Выпускаліся чаравікі на фабрыцы “Прамень” – тысячу параў за зьмену кожны канвэер гнаў. А людзі шукалі чэскія, альбо фінскія, альбо бэльгійскія чаравікі. Тое ж і тут: ад таго, што я выпушчу нейкіх кансэрваў процьму, гэта ня значыць, што ўсе перастануць шукаць кансэрвы баўгарскія, вугорскія, альбо тыя самыя фінскія. Бо яны будуць больш якасныя, нават калі яны будуць даражэйшыя”.

Як мяркуе адмыслоўца, для сапраўднай абароны айчынных вытворцаў беларускай дзяржаве варта будзе зноў пабудаваць жалезную заслону. Беларусы цяпер могуць спакойна набываць патрэбныя ім тавары калі не ў мясцовых крамах, то ў суседніх краінах – у Літве, Расеі, Польшчы ды Ўкраіне. А паколькі жалезная заслона ў цяперашніх умовах немагчымая, то беларускім вытворцам варта больш дбаць пра канкурэнтаздольнасьць уласнай прадукцыі, а не чакаць пратэкцыянісцкіх захадаў.
XS
SM
MD
LG