Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс з кардыяхірургамі прыпынены: адвакаты дамагліся правядзеньня дадатковай экспэртызы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Раней мы паведамлялі пра суд над вядомымі кардыяхірургамі, які ўжо другі месяц ідзе ў Маскоўскім судзе Менска. Нечакана на гэтым гучным працэсе абвешчаны працяглы перапынак. Чым выкліканы гэты перапынак і якія наступствы ён можа мець для падсудных лекараў і для іх пацыентаў?

Ажно на 3 месяцы спыніўся працэс над лекарамі менскага Цэнтру кардыяхірургіі, якіх судзяць за махлярства. Адвакаты чатырох падсудных хірургаў дамагліся правядзеньня дадатковай экспэртызы. У прыватнасьці, распавяла адвакат Ірына Меншакова, будзе дасьледавана, як у Цэнтр кардыяхірургіі пастаўляліся электроды, шпрыцы і іншы расходны матэрыял. Калі высьветліцца, што гэтыя пастаўкі адбываліся нерэгулярна, на чым настойваюць лекары, магчыма будзе зьмякчыць абвінавачваньне, мяркуе адвакат.

(Меншакова: ) “Калі будзе выключанае абвінавачваньне ў арганізаванай групе, а экспэртыза выключыць электроды, якія ставяцца ў віну, то атрымаецца значна меншая сума. Гэта будзе ўжо не 4-я частка, пра асабліва вялікі памер стратаў”.

Нагадаю, чацьвёра вядомых кардыяхірургаў абвінавачваюцца ў махлярстве з кардыястымулятарамі, электродамі й іншымі матэрыяламі, якія выкарыстоўваюць падчас складаных апэрацыяў на сэрцы. Паводле сьледзтва, лекары падманвалі хворых размовамі пра дэфіцыт прэпаратаў і бралі зь іх грошы за паслугі, якія насамрэч былі бясплатнымі.

Хірургі сваёй віны не прызнаюць. Яны даказваюць, што дэфіцыт сапраўды існаваў і, каб не губляць час і магчымасьць выратаваць людзей, яны мусілі прапаноўваць ім самім набываць прэпараты. Паводле абароны, гэта і мусіць пацьвердзіць экспэртыза. У такім выпадку дзеяньні лекараў ужо ня будуць адпавядаць 4-й частцы артыкулу пра махлярства, паводле якога іх абвінавачваюць.

Яшчэ да суду выказвалася меркаваньне, што з-за працэсу ўзьнікне чарга на апэрацыі, бо ў Цэнтры кардыяхірургіі няма кім замяніць лекараў, прыцягнутых да судовай адказнасьці. Паводле супрацоўнікаў Цэнтра, гэтак сапраўды адбывалася цягам двух апошніх месяцаў. Але цяпер, калі на працэсе абвешчаны перапынак, лекары спадзяюцца выправіць становішча, запэўніў мяне вядомы хірург Уладзімір Макееў.

(Макееў: ) “Апэрацыі гэтыя складаныя, высокатэхналягічныя, і робяць іх ня так шмат людзей, якія ўсе былі задзейнічаныя на гэтым разьбіральніцтве. Нават узьнікла чарга хворых на апэрацыі, але цяпер гэтую праблему мы вырашаем”.

Сьледзтва між тым працягвае настойваць, што хірургі махлявалі з асноўнымі прэпаратамі і расходнымі матэрыяламі і гэтак паклалі сабе ў кішэні больш за 60 мільёнаў рублёў. Некаторыя сьведкі ў судзе пацьвердзілі, што зь іх бралі грошы за апэрацыі, якія былі бясплатнымі. Пры гэтым, ніхто са сьведкаў не наракаў на якасьць апэрацыяў. Такім чынам, цяпер чарга за дадзенымі вельмі важкай экспэртызы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG