Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 студзеня 1591 году Менск атрымаў гарадзкі герб


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 12 студзеня

12 студзеня – дата дзьвюх немалаважных падзеяў у гісторыі беларускай сталіцы. Менавіта ў гэты дзень у 1591 годзе Менск атрымаў свой гарадзкі герб: у блакітным полі – ушэсьце Дзевы Марыі. А 12 студзеня 1895 году ў Менску была адкрытая першая электрастанцыя. Яна знаходзілася на правым беразе Сьвіслачы, побач зь цяперашнім будынкам Дзяржаўнага цырку. Станцыя сілкавала электрычнасьцю амаль чатырыста лямпачак, палова зь якіх была ў вулічных ліхтарах.

12 студзеня 1628 году нарадзіўся Шарль Пэро, францускі казачнік, які прыдумаў Папялушку, Сонную прыгажуню, Ката ў ботах ды іншых, вядомых усім зь дзяцінства пэрсанажаў. У жыцьці стваральнік гэтых фантастычных вобразаў меў зусім ня казачную прафэсію – ён працаваў у Парыжы адвакатам. Дый самі вобразы выходзілі ў яго не зусім дзіцячыя. Гэта да нас яны дайшлі ў такім выглядзе, дзякуючы перакладам і адаптацыям. Напрыклад, у арыгінале ў канцы казкі пра Чырвоны Каптурок няма нiякiх выратавальнiкаў-паляўнiчых, а ўсё абрываецца фразай: “I з гэтымi словамi злы Воўк кiнуўся на Чырвонага Каптурка i зьеў дзяўчынку”.

12 студзеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет амэрыканскі пісьменьнік Джэк Лёндан; польская мовазнаўца Антаніна Абрэмбская-Яблонская, якая склала “Падручны польска-беларускі слоўнік”; паэт Міхась Калачынскі; заснавальнік “Песьняроў”, народны артыст Беларусі Ўладзімер Мулявін, беларускі крытык і літаратуразнаўца Зьміцер Бугаёў і культавы японскі пісьменьнік Харукі Марукамі.

А яшчэ 12 студзеня нарадзіліся два кіраўнікі і ідэолягі гітлераўскага Райху, ваенныя злачынцы Герман Герынг і Альфрэд Розэнбэрг. Герынг быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Гітлера і той пасьля прыходу да ўлады даручыў Герынгу стварыць Люфтвафэ – ваенна-паветраныя сілы. У выніку Герынг збудаваў у акупаванай Эўропе вялізную эканамічную імпэрыю. Асуджаны на Нюрнбэрскім працэсе за вайсковыя злачынствы, ён атруціўся, не чакаючы пакараньня. А нарадзіўся Герынг у Баварыі, стаў знакамітым пілётам-зьнішчальнікам у часе першай сусьветнай вайны. Пасьля ўступіў у нацысцкую партыю, выбіраўся ў Рэйхстаг, а ў 1933-м стаў прэзыдэнтам Нямеччыны. Гэта ён арганізаваў гестапа і збудаваў першыя канцэнтрацыйныя лягеры. А рухалі ім неабмежаваная ўлада і адсутнасьць гуманістычных прынцыпаў.

12 студзеня 1976 году пакінула гэты сьвет Агата Крысьці, славутая ангельская пісьменьніца, аўтарка дэтэктываў.
XS
SM
MD
LG