Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДГ: “Пра тое, што на пасьлясавецкай прасторы ўзьнікне інтэграцыйнае аб’яднаньне з удзелам Украіны, можна забыцца”


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

Сёньня выйшаў чарговы нумар “Беларускай дзелавой газэты” з артыкулам “Украіна: пасьлярэвалюцыйныя будні”. Аўтары выказваюць меркаваньні адносна далейшага разьвіцьця так званай Адзінай эканамічнай прасторы паміж Украінай, Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам пасьля абраньня прэзыдэнтам Віктара Юшчанкі. Як спадар Юшчанка неаднаразова заяўляў, паведамляе газэта, узаемавыгадныя адносіны ёсьць пазытыўным працэсам. Але – падкрэсьлівае прэзыдэнт – гэтыя працэсы не павінныя перашкаджаць украінскім інтарэсам на Захадзе. Гэткім чынам, сытуацыя паміж краінамі чацьвёркі сур’ёзна зьменіцца, але пра тое, што на тэрыторыі пасьлясавецкай прасторы ўзьнікне інтэграцыйнае аб’яднаньне з удзелам Украіны, можна забыцца – піша БДГ.

Яшчэ адна публікацыя ў сёньняшняй Беларускай дзелавой выйшла пад двухсэнсоўным загалоўкам “Чыста беларускае кіно”. Гаворка вядзецца пра крымінальную справу, распачатую супраць дырэктара конна-спартовага клюбу “Кавалергард” Глеба Арэстовіча, за нібыта крадзёж 65 мільёнаў рублёў у часе здымак кінастужкі “Анастасія Слуцкая.” У інтэрвію газэце спадар Арэстовіч заявіў, што ўдзельнічаў у здымках фільма выключна як кансультант, і ніякіх грошай ягоны клюб не атрымоўваў, а пра крымінальную справу даведаўся з газэтаў. Адначасна, паводле газэты, у пэўных колах аднавіліся чуткі пра магчымае дасьледаваньне мэтавага выкарыстаньня грошай самімі выдаўцамі “Анастасіі Слуцкай”.

Падрабязнасьці надзвычайнага здарэньня ў артыкуле “П’яны маёр падстрэліў у гомельскай бальніцы траіх” паведамляе сёньняшні нумар “Камсамольскай праўды ў Беларусі”. Маёр, сяржант і прапаршчык прывезьлі сюды вязьня, які з-за траўмы галавы быў у коме. Пакуль яго ратавалі ў рэанімацыйным аддзяленьні, канваіры скінуліся на траіх. Празь некаторы час начальнік канвоя, 39-гадовы маёр, быў гэткім п’яным, што дастаў табельны пісталет і распачаў бязмэтавую стральбу. У выніку сямі стрэлаў ён параніў свайго падначаленага й двух мэдсясьцёр.

Газэта “Віцебскі кур’ер” сёньня падае падборку няшчасных выпадкаў, якія здарыліся ў зьвязку з лаўленьнем рыбы на вадаёмах вобласьці. Гэтак, на Браслаўшчыне ўтапіліся два мужчыны, якія лавілі рыбу вудамі. Ва Ўшачах мясцовы электраманцёр вываліўся з чоўна й таксама патануў. Гэткім жа чынам у Віцебскім раёне загінулі яшчэ два рыбакі.
XS
SM
MD
LG