Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 студзеня споўнілася б 64 гады Ўладзімеру Мулявіну


Ігар Карней, Менск Заснавальнік і мастацкі кіраўнік ВІА “Песьняры” быў адной з самых яскравых фігураў новага музычнага кірунку пачатку 1970-х – фолк-року. Нагадаем, што ў траўні 2002 году Мулявін патрапіў у аўтакатастрофу, у выніку якой аказаўся часткова спаралізаваны. Пасьля курсу лячэньня ў менскім Інстытуце траўматалёгіі і артапэдыі Мулявіна зь ініцыятывы шэрагу расейскіх артыстаў перавялі ў аддзяленьне нэйрахірургіі маскоўскай клінікі імя Бурдзенкі. Там сьпеваку на некаторы час стала лепей, але ад 17 студзеня 2003 году Мулявін знаходзіўся ў рэанімацыі. 26 студзеня заснавальнік “Песьняроў” памёр. На музычную спадчыну Уладзімера Мулявіна зараз прэтэндуюць ягоныя колішнія паплечнікі.

Сябры Ўладзімера Мулявіна ў бальшыні сваёй абураныя сытуацыяй, якая склалася пасьля яго сьмерці. Шмат хто адзначае: ня гледзячы на шматлікія захады на захаваньне памяці Мулявіна з усталяваньнем помнікаў і перайменаваньняў вуліцаў, падобныя тытульныя “рэвалюцыі” сам Мулявін наўрад ці ўхваліў бы. Непакоіць іншае. Мастацтвазнаўца Барыс Крэпак перакананы: на ўсе лады эксплюатаваць, як гэта робіцца зараз, вобраз Мулявіна і ягонага дзецішча – назову “Песьняры” – папросту амаральна.

(Крэпак: ) “Цяжка ўявіць, што Мулявін з гэтай нагоды сказаў бы… Але я асабіста лічу, што сапраўдныя “Песьняры” адышлі разам з Мулявіным. Іх зараз можа быць і сто, але гэта зусім іншае. Усім гэтым ансамблям у Маскве, у Беларусі, ня варта карыстацца гэтым брэндам, а трэба шукаць сваю мову, свой рэпэртуар, у рэшце рэшт… Нельга рабіць так, як яны. Са сьмерцю Мулявіна ўсё гэта скончылася – менавіта тое, з чым мы жылі трыццаць з лішкам гадоў. Я, прыкладам, таксама скончыўся разам з Мулявіным – у тым сэнсе, каб цікавіцца, што адбываецца “пасьля”.

Пік папулярнасьці Ўладзімера Мулявіна як візытоўкі ансамблю “Песьняры” прыходзіцца на 70-я гады мінулага стагодзьдзя. Шматлікія крытыкі й мэляманы адзначалі, што “Песьняры” надзвычай пасьпяхова злучылі фальклор і сучаснае гучаньне.

Ансамбаль запісаў мноства інтэрпрэтацый народных песень, стаўшы ледзьве ня першым масавым прапагандыстам беларускай культуры. Прынамсі, дагэтуль ніхто зь беларусаў ня здолеў столькі расказаць замежнікам пра Беларусь, колькі “Мулявін & Co”. Вось урывак з успамінаў Уладзімера Мулявіна пра знакамітыя гастролі па ЗША ў сьнежні 1976 году:

(Мулявін: ) “Для нас было вельмі нечакана, што нам прапанавалі такую паездку. Мы перад гэтым мелі добрае выпрабаваньне на Музычным кірмашы ў францускіх Канах. Дарэчы, тады мы атрымалі запрашэньні шмат зь якіх краінаў і, у прыватнасьці, з Амэрыкі. Як паказалі ўжо першыя канцэрты, больш за ўсё хвалююць амэрыканскага слухача народныя песьні. Таму для іх мы ігралі ўсе нашыя клясычныя рэчы, народныя”.

Ужо ў першай палове 1980-х ансамбаль заўважна здаў пазыцыі, а некаторыя музыкі і ўвогуле пачалі ад’яжджаць за мяжу: перадусім, у ЗША – краіну незабыўных гастроляў. Да 1990-х пра існаваньне “Песьняроў” амаль забыліся, аднак у 1996-м яны нечакана зьявіліся на “Славянскім базары” і аднавілі гастрольную дзейнасьць.

Аднак супярэчнасьці ў калектыве і некаторыя шкодныя звычкі самога Мулявіна давалі зразумець: на доўга імпэту ня хопіць. Якраз ад сярэдзіны 1990-х пачынаюцца эпапэі са шматлікімі расколамі, зьяўленьнем паралельных калектываў і г.д.

Дарэчы, “кланаваньне” “Песьняроў” адбываецца дагэтуль. Цяпер “песьняроўскім” брэндам так ці інакш карыстаюцца чатыры калектывы, і працэс сьведчыць на тое, што колькасьць будзе толькі павялічвацца. Якраз напярэдадні было абвешчана пра зьяўленьне ў Маскве ТАА “Песьняры”. Музычны крытык і рэдактар маскоўскага часопісу “Звукорежиссёр” Анатоль Вайцэнфэльд перакананы, што гэта цалкам камэрцыйны, а ня творчы праект.

(Вайцэнфэльд: ) “Фірма “Адмірал” зарэгістравала на сябе гандлёвую марку на тэрыторыі Расеі і ўжо пад яе стварыла ТАА “Песьняры”. Ад пачатку ў складзе заснавальнікаў былі Барткевіч і Сьвечкін, але цяпер іх з заснавальнікаў вывялі. Іншымі словамі, гэта проста камэрцыйны брэнд, які яны спрабуюць нейкім чынам выкарыстаць: можа, гарэлку будуць вырабляць пад такой назвай, можа, каўбасу. Гандлёвая марка ўсё мае на ўвазе”.

У дзень нараджэньня Ўладзімера Мулявіна ніякіх мерапрыемстваў у ягоны гонар не заплянавана: кожны зь “Песьняроў” жыве сваім гастрольным графікам.
XS
SM
MD
LG