Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унёсак Беларусі ў бюджэт саюзнай дзяржавы складае меней аднаго працэнта ад бюджэту краіны


Уладзімер Глод, Менск У профільныя камісіі Парлямэнцкага сходу так званай саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі паступіў праект бюджэту на 2005 год. Згодна зь ім, Беларусь мусіць сёлета унесьці ў агульную скарбонку каля 30 мільёнаў даляраў. Між тым, беларуская запазычанасьць за папярэднія гады ўжо складае траціну гэтай сумы. Такім чынам, калі скласьці дзьве лічбы, то атрымліваецца, што сёлетні ўнёсак беларускага боку будзе 40 мільёнаў даляраў, альбо амаль палову саюзнага бюджэту. Многа гэта ці мала?

Фінансісты, зь якімі я кансультаваўся, паведамілі: бюджэт Беларусі сёлета складзе каля 12 мільярдаў даляраў. А беларускі ўнёсак у саюзны бюджэт цягне толькі на трэцюю частку ўсяго аднаго (!) адсотка дзяржаўнага бюджэту. Калі ж параўноўваць унёсак Расеі зь дзяржаўным бюджэтам гэтай краіны, то тут суадносіны яшчэ меншыя.

І яшчэ на адну акалічнасьць я хачу зьвярнуць увагу: год ужо ідзе, а праект бюджэту Парлямэнцкі сход да гэтага часу не разглядаў. І, праўдападобна, у студзені гэтага не адбудзецца. А гэты дакумэнт патрэбна прымаць, як мінімум, у двух чытаньнях. І вось як камэнтуе гэтае становішча вядомы беларускі эканаміст, кіраўнік аналітычнага Цэнтру імя Мізэса Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Безумоўна, бюджэт такі малы таму, што краіны не надаюць яму вялікай увагі. Саюзная дзяржава ды іншыя так званыя інтэграцыйныя праекты настолькі бюракратызаваныя, што імі карыстаюцца людзі тыпу дзяржсакратара Барадзіна ды некаторыя іншыя чыноўнікі. А вялікага эканамічнага ці сацыяльнага зьместу ў гэтых праектаў няма. Гэта фактычна піяр-праект, ад якога ніхто ня мае палітычнай волі адмовіцца, але й разгортаваць яго нейкім чынам, напаўняць нейкім сэнсам ніхто не зьбіраецца”.

Калі стваралася так званая саюзная дзяржава, афіцыйная Масква і афіцыйны Менск бясконца казалі пра тое, што ўсё робіцца выключна для простых людзей. Напрыклад, абяцалі зрабіць саюзны тэлевізар, які будзе лепшым за японскія, карэйскія ці галяндзкія. Але падобна, што абяцанкі так і засталіся абяцанкамі. Я спытаўся ў спадара Раманчука, які вельмі ўважліва адсочвае гэтую праблематыку, ці вядома яму пра нейкія посьпехі ў выкананьні саюзных праектаў?

(Раманчук: ) “Адзіны праект, які быў рэальна зроблены – гэта мытня, тэрміналы на Заходняй мяжы Беларусі. Гэта тое, што рэальна існуе, таму, што і Расея, і Беларусь зацікаўленыя ў тым, каб мець моцную й добра абсталяваную мяжу на Захадзе. А што тычыцца тэлевізараў, нейкіх іншых карпаратыўных праектаў, то ўсё гэта грошы, якія, я лічу, былі проста загубленыя. Больш таго, гэтыя праекты прынесьлі больш шкоды для прадпрыемстваў, чым карысьці. Ніякіх навуковых дасягненьняў і тэхналягічных навінак яны не прынесьлі, а чыноўнікі проста паставілі “галачку” і сказалі: вось, глядзіце, які добры праект”.
XS
SM
MD
LG