Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буразь на Гомельшчыне (з фотагалерэяй і аўдыё)


Ягор Маёрчык, Буразь, Жыткавіцкі раён, Гомельшчына (эфір 30 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Каляды ды Новы год Юры Дарожка будзе сустракаць між дзьвюма хатамі. Увесь 2004-ы чакаў, пакуль дадуць новае жытло. Пасьля сьпяшаўся пераехаць і яшчэ ў старым годзе адсьвяткаваць улазіны. Але выглядае, што не пасьпее. Згадкі пра тое, што як год сустрэнеш, так яго і пражывеш, ён катэгарычна адмаўляе. Юрава цьвёрдае перакананьне: новае жыцьцё пачнецца менавіта пасьля 1 студзеня.

(Юры Дарожка: ) “Раблю ў калгасе, дык мне ў Запясоччы, суседняй вёсцы, далі хату. Пакуль перабіраюся. Цяпер мы яе пратапліваем, ужо трохі паштукатурылі”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта тыя пяць прэзыдэнцкіх дамкоў?”

(Юры Дарожка: ) “Так. Падаецца, што ўсё добра. І заробак у нас нармалёвы — дзесьці 150 тысяч. А ўлетку па 300 было”.

(Карэспандэнт: ) “І ў час даюць?”

(Юры Дарожка: ) “Ёсьць некаторыя затрымкі. А так, збольшага, без пытаньняў”.

(Карэспандэнт: ) “Як будзеце сьвяткаваць Новы год ды Каляды?”

(Юры Дарожка: ) “Прама тут на цэнтры трэба ўтыркнуць ёлку”.

(Карэспандэнт: ) “Якія падарункі падрыхтавалі жонцы ды дзецям?”

(Юры Дарожка: ) “Дзецям — цукеркі ды цацкі, а жонцы… як атрымаецца. Яна вялікі падарунак заслугоўвае. Я запытваўся: “Што табе трэба: ці сукенку, ці яшчэ што?”

Buraz - Буразь

(Карэспандэнт: ) “А набываць самі будзеце ці павезяце яе на кірмаш і скажаце: “Выбірай”?”

(Юры Дарожка: ) “Вы што, сьмяецеся?! Нікуды я яе не павязу! Сам выберу на свой густ”.

(Карэспандэнт: ) “Жыцьцё ў Буразі як можна апісаць?”

(Юры Дарожка: ) “Як агарод выбраць, часам коней не хапае. Надзелы даюць за пяць кілямэтраў. Засунься той бабцы з кійком на поле, праматыкуй. Хай яна гадзіну будзе працаваць, дык яна дзьве гадзіны туды дабірацца будзе, і столькі ж назад”.

Буразь — вёсачка ў Жыткаўскім раёне Гомельшчыны. Пра такія кропкі на мапе кажуць “непэрспэктыўнае паселішча”. Паўсотні хатаў зь пераважна састарэлымі насельнікамі. Нешматлікія маладыя сем’і паглядаюць на суседняе паселішча Запясочча. Там цэнтар калектыўнай гаспадаркі ды перавагі цывілізацыі — школа, дзіцячы садок, пошта і фэльчарска-акушэрскі пункт.

Ганна Дарожка працягне тэму дачыненьняў вяскоўца з саўгасам, нядаўна перайменаваным у сельскагаспадарча-вытворчы каапэратыў. Аднак гэта будзе не адразу. Спачатку яна падсумоўвае вынікі году:

(Ганна Дарожка: ) “Дачка пайшла ў замужжа, і ўнучка пайшла ўзамужжа — вось табе і радасьць. Дзякуй Богу, пакуль жывуць нармалёва”.

(Карэспандэнт: ) “А як сьвяты адзначаць будзеце?”

(Ганна Дарожка: ) “Пайду да дачкі. Яна нарыхтуе ўсяго. Мы разам выдатна сустрэнем. Старая баба ня так нарыхтуе, як маладыя”.

(Карэспандэнт: ) “Мусіць быць наадварот. Старыя ж больш дасьведчаныя і болей рэцэптаў ведаюць”.

Buraz - Буразь

(Ганна Дарожка: ) “Але я ўжо не хачу гатаваць! Хай гэтым займаюцца маладыя. Мы гусь запякаем і рыбу гатуем — на стале мусіць быць ня меней за дванаццаць страваў”.

(Карэспандэнт: ) “Падзяліцеся рэцэптам. Як запякаць гусь?”

(Ганна Дарожка: ) “Адварым грэчку, памяшаем яе зь мясам, туды розным заправаў-пераправаў, а пасьля ставім у печ”.

(Карэспандэнт: ) “А якія будуць пажаданьні?”

(Ганна Дарожка: ) “Каб дачакаліся сустрэчы наступнага Новага году. І так, каб кожнага разу было. Каб яшчэ крыху пажылі на гэтым сьвеце”.

(Карэспандэнт: ) “А наагул, як жыцьцё ў Буразі?”

(Ганна Дарожка: ) “Як што трэба, зьвяртаемся ў калгас да старшыні. Я ўжо на пэнсіі. Улетку мне яшчэ дзялку буракоў даюць палоць”.

(Карэспандэнт: ) “Падаецца, што як чалавек на пэнсіі, трэба адпачываць ці хаця б сваёй гаспадаркай займацца”.

(Ганна Дарожка: ) “Усё адно трэба дапамагчы”.

(Карэспандэнт: ) “Можна ж было адмовіцца”.

(Ганна Дарожка: ) “А пасьля пойдзеш да старшыні, а ён табе скажа: “Ты мяне не паслухала, і я табе нічога ня дам”. Таму пакуль сілу маеш, ячшэ ідзеш”.

Самы пабожны чалавек у Буразі — гэта Галіна Блуцкая. Некалькі кілямэтраў па абледзянелай дарозе пры сустрэчным ветры 5–10 мэтраў на сэкунду — гэта для старой не перашкода. Як надарыцца магчымасьць, яна наведваецца ў бажніцу. Сьвяты спадарыня Галіна будзе адзначаць традыцыйным для сябе чынам.

(Галіна Блуцкая: ) “Пайду ў храм. Там Богу памалюся. А ў нашай царкве і ёлку ставяць, і Новы год сустракаюць, і падарункі бацюшка дае. У мяне такое жаданьне, каб людзі ў храм хадзілі”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вёсцы шмат людзей у царкву ходзіць?”

(Галіна Блуцкая: ) “Няшмат, мо нейкіх пяць душ”.

(Карэспандэнт: ) “Як 2004 год прайшоў?”

(Галіна Блуцкая: ) “Як Бог паслаў: было і добрае, было і дрэннае. Сэрца ў мяне балела. Але ўсё праходзіць — Гасподзь дапамагае. Унукі паступілі ў інстытут, і дзеці, дзякуй Богу, вучацца. У мяне іх ажно чацьвёра. Прыяжджаюць, наведваюць”.

Buraz - Буразь

(Карэспандэнт: ) “Што яны вам звычайна дараць?”

(Галіна Блуцкая: ) “Тое, чаго ў мяне не хапае: чаравікі ці куртку прывязуць, а то грошы дадуць на якія смакуткі. А што я ім магу падарыць? Я падам на малебен у царкву. Вось такі будзе мой падарунак”.

(Карэспандэнт: ) “Якія пляны і спадзяваньні на наступны год?”

(Галіна Блуцкая: ) “Ніякіх плянаў я цяпер не загадваю. Пражыла дзень — і дзякуй Богу”.

(Карэспандэнт: ) “Што на сьвяточным стале будзе?”

(Галіна Блуцкая: ) “Смакулькі: каўбаса ды сала. Цяпер пост. Посьцім і мы. Гасподзь нас крэпіць. А там трэба будзе і разгавецца”.

(Карэспандэнт: ) “Па поўнай праграме?”

(Галіна Блуцкая: ) “Так няможна! Паціху будзем”.

Анастасія Валюжыцкая доўга не магла цямна адказаць на пытаньне пра самы галоўны вынік 2004-га. Працяглая размова прывяла нас да таго, што год назаўсёды застанецца ў памяці бабы Стасі дзякуючы знаёмству з дасягненьнем цывілізацыі — мабільнай сувязьзю. Але пра ўсё па парадку.

(Карэспандэнт: ) “Як Новы год ды Каляды сьвяткаваць будзеце?”

(Анастасія Валюжыцкая: ) “Возьмем зь дзедам на дваіх вып’ем шампанскага. Кабана забілі — ёсьць чым закусіць”.

(Карэспандэнт: ) “А што на стале будзе, акрамя сьвежаніны?”

(Анастасія Валюжыцкая: ) “Набярэм бананаў і мандарынаў”.

(Карэспандэнт: ) “2004 год заканчваецца. Як ён прайшоў? Якія вынікі?”

(Анастасія Валюжыцкая: ) “Самі ведаеце, як у вёсцы. У вёсцы моцна працуюць. Вось ад таго сюды ніхто ня хоча ісьці. У тым вашым Менску кватэраў няма, а тут хаты пустыя стаяць. Хай прыяжджаюць сюды ды робяць на зямлі. Будзе тады ўсё! А то ў тым Менску назьбіраюцца — гатовае цяпло, сьвятло, і мухі іх не кусаюць! Вы ня хочаце да нас ехаць. Вам адно каб даляры атрымліваць ды хадзіць з гэтым, што цірыўкае ў кішэні”.

(Карэспандэнт: ) “З чым-чым?”

(Анастасія Валюжыцкая: ) “З тым, што цірыўкае… мабільны тэлефон — тулі-лулі-тулі-лулі — як салавей! Па лету сюды як панаяжджаюць з гарадоў, то каго ні пабач, цірыўкае ў кішэні, а ён ідзе ды гаворыць”.

Buraz - Буразь

(Карэспандэнт: ) “Новы Год з Калядамі. Цуды ў такі час здараюцца…”

(Анастасія Валюжыцкая: ) “Ды ніякага цуду няма! Вы мне пра такое не гаварыце!”

(Карэспандэнт: ) “А вось зьявіцца чараўнік і скажа, што выканае любое вашае жаданьне, што вы яму загадаеце?”

(Анастасія Валюжыцкая: ) “Каб мая дачка з Магнітагорску прыехала, каб толькі яе пабачыць. Яе ўжо шэсьць гадоў не было”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам вялікі. Добрых вам Калядаў і добрага Новага году!”

(Анастасія Валюжыцкая: ) “І вам таксама!”

Праз савецкі час забароны Кацярына Блуцкая пранесла калядныя песьні і абрад ваджэньня казы. Калі традыцыі перасталі быць крамолаю, яна абвучыла вясковых дзяцей. Іх у Буразі ажно дваццаць пяць. Напярэдадні сьвятаў малыя скаапэруюцца са старымі і пойдуць калядаваць.

(Кацярына Блуцкая: ) “Мы на раство век водзім каляду і казу па сялу. І пры савецкіх часах нават так рабілі. Некалі, я яшчэ маладзенькая была і ў школу хадзіла, нас настаўніца за гэта ганяла. Мы тады ў хлявы да кароваў хаваліся, але ўсё адно хадзілі”.

(Карэспандэнт: ) “І цяпер па вёсцы калядуюць?”

(Кацярына Блуцкая: ) “Калядуюць і старыя, і малыя. Я дзяцей песьням калядоўным панавучвала. І яны са мной ходзяць. Ім вельмі гэта падабаецца. Пытаюцца ўвесь час: “Калі, баба, калядаваць пойдам?” Што даюць каляднікам? Даюць каўбасу і сала, хлеб, віно і грошы даюць. Грошы ўсе пазьбіраем ды ў царкву. Там за здароўе сьвечак паставім”.

(Карэспандэнт: ) “Калі падсумоўваць 2004 год, як ён для вас прайшоў?”

(Кацярына Блуцкая: ) “Для нас ён прайшоў, слава Богу, добра. Дзеці, дзякуй Богу, жывыя ды здаровыя, унукі паступілі ды вучацца”.

(Карэспандэнт: ) “Вы свайму старому, дзецям альбо ўнукам нейкія падарункі падрыхтавалі?”

(Кацярына Блуцкая: ) “Нічога не падрыхтавала, бо грошай няма. Набылі дачцэ хату. Яна яшчэ неабстроеная. Туды ўсё й ідзе”.

(Карэспандэнт: ) “Сёлета хату набылі?”

(Кацярына Блуцкая: ) “Так”.

На запыты пра вынікі 2004 году насельнікі Буразі не адразу кажуць нешта пэўнае. Болей згадваюць пра здароўе. Адпаведна, фізычнай моцы жадаюць сабе ды іншым у наступным годзе. Што да матэрыяльнага — мараць пра грошы. Не пра вялікае багацьце, а каб хаця хапала на годнае жыцьцё.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG