Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяву Лукашэнкі пра кантракт з "Газпромам" камэнтуе аглядальніца “Беларускага рынку”


Юры Дракахруст, Прага “У нас ўрад па-ранейшаму зьяўляецца нейкім аддзелам “Газпрому”. Атрымліваецца, што паднялі цану на мяжы, а мы пераклалі ўсё гэта на насельніцтва. Тады не патрэбны ўрад і нават прэзыдэнт не патрэбны, і ў нас у краіне будзе кіраваць “Газпром” – такія заявы зрабіў сёньня Аляксандар Лукашэнка на ўрадавай нарадзе па пытаньнях энэргазабесьпячэньня.

Заявы Аляксандра Лукашэнкі мы папрасілі пракамэнтаваць аглядальніцу газэты “Беларускі рынак” Тацяну Манёнак.

(Манёнак: ) “Напрыканцы мінулага году Аляксандар Лукашэнка казаў: "Нічога, мы людзі мужныя, перажывем падвышэньне цаны газу на 3-4 даляры". Пэўна, цяпер яму паклалі на стол дакладныя падлікі і ён убачыў, што калі глядзець на праблему падатку на даданую вартасьць разам з падвышэньнем цаны на газ, то гэта – вялікі цяжар для беларускага бюджэту. Таму ён і кажа: "Чаму б не перагледзіць стаўкі транзыту?". Але ж беларускі бок даволі мужна змагаўся за гэтыя ўмовы.

Справа ў тым, што калі б беларускі бок закране транзыт, то зразумела, што "Газпром" перагледзіць кошт паставак газу Беларусі. Кантракт падпісаны, гандляваньне ішло вельмі цяжка, і цяпер казаць, што мы будзем перагледжваць гэтыя ўмовы – гэта авантурызм чыстай вады.

Пры гэтым я ня думаю, што ў такой сытуацыі хтосьці падтрымае Лукашэнку. Падчас леташняга канфлікту краіны Эўропы, якія пацярпелі ад яго, не былі на баку Расеі, бо яна вераломна скасавала свае абавязкі, калі адключыла падачу газа ў Беларусь і празь Беларусь.

Але ў гэтым выпадку, калі ўсе дамоўленасьці падпісаныя, пры спробе іх зьмяніць іншыя краіны будуць хутчэй на баку Расеі. Новае пагадненьне – гэта новы цяжкі гандаль. Я ня думаю, што Лукашэнка на гэта пойдзе. Хочацца сьпіхнуць нашыя ўласныя праблемы на кагосьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG