Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычным сілам Беларусі прапануюць новую стратэгію дзеяньняў


Уладзімэр Глод, Менск З адпаведным заклікам да прыхільнікаў дэмакратыі зьвярнулася Рада грамадзянскіх ініцыятываў “Свабодная Беларусь”, паседжаньне якой завяршылася увечары 11 студзеня ў Менску. У ім прынялі удзел прадстаўнікі грамадзянскіх ініцыятываў "Мы памятаем", "Свабоду палітзьняволеным!", "Хартыя`97", "Волат", "Вэтэраны за дэмакратыю".

Удзельнікі рады упэўненыя, што "дзейная улада не дазволіць правесьці ў Беларусі дэмакратычныя, справядлівыя й празрыстыя выбары". Таму, гаворыцца ў заяве, прынятай па выніках паседжаньня, “Беларусь падышла да такога моманту, калі дэмакратычным сілам неабходна выпрацаваць новую дзейсную стратэгію, якая дазволіць кардынальна зьмяніць сытуацыю ў краіне".

Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя''97" Зьміцер Банадарэнка тлумачыць, што надышоў час правесьці разьмежаваньне паміж палітычнымі партыямі й грамадзянскай супольнасьцю:

(Бандарэнка: ) “Пасьля выбараў і рэфэрэндуму мы заклікалі зрабіць работу над памылкамі, прааналізаваць сытуацыю. І, безумоўна, мы самі гэта рабілі. Мы прыйшлі да высновы, што пэўныя пралікі беларускай апазыцыі ў тым, што нашыя апазыцыянэры сядзяць адразу на некалькіх крэслах. Адна і тая ж асоба – сябра партыі, узначальвае NGO (недзяржаўную арганізацыю), незалежны экспэрт... Гэта ёсьць памылкова. Трэба, каб кожны займаўся сваёй справай – тады будуць і лепшыя вынікі. Тады будзе й большая адказнасьць, у тым ліку, і асабістая за канкрэтны кавалак працы”.

Такім чынам, дэмакратычнай апазыцыі прапануюць правесьці рэструктурызацыю сваіх сілаў.

Як вынікае з заявы, палітычным партыям, што ўваходзяць у Эўрапейскую Кааліцыю і Народную Кааліцыю “5+”, неабходна выпрацаваць мэханізмы аб’яднаньня і вылучэньня палітычных лідэраў. А суб’екты грамадзянскай супольнасьці мусяць засяродзіць свае высілкі на распрацоўцы эфэктыўнай стратэгіі грамадзянскіх дзеяньняў, грамадзкім кантролі забесьпячэньня правоў ды свабодаў грамадзянаў, стварэньні дасканалай сыстэмы грамадзянскай салідарнасьці. Такім чынам можна будзе пазьбегнуць тых канфліктаў, якія узьнікалі падчас апошніх палітычных кампаніяў у Беларусі унутры дэмакратычнага лягеру.

Прадстаўнік моладзевай грамадзянскай ініцыятывы ”Волат” Зьміцер Бародка, які таксама падпісаў заяву, гаворыць, што, калі новая стратэгія будзе прынятая, стане лягчэй прыцягваць у грамадзянскі спэктар тых людзей, якія ня хочуць лічыць сябе, зьвязанымі з палітычнымі партыямі, але гатовыя працаваць у грамадзянскіх структурах:

(Бародка: ) “Мы разам з маімі калегамі прынялі такое рашэньне дзеля таго, каб пашыраць дэмакратычную супольнасьць, дэмакратычны рух іншымі мэтадамі, чым удзел у палітычнай барацьбе, палітычных кампаніях”.

Спадар Бародка лічыць, што такі падзел абавязкаў паміж суб’ектамі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі мусіць даць свае вынікі.
XS
SM
MD
LG