Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва “Радыё Юністар” зьдзіўленае папярэджаньнем за малы працэнт “беларускасьці”


Ігар Карней, Менск Міністэрства інфармацыі афіцыйна папярэдзіла шэраг беларускіх FM-станцыяў, якія ігнаруюць патрабаваньне Аляксандра Лукашэнкі ў справе напаўненьне эфіру ў прапорцыі 75% беларускай музыкі ад усяго аб’ёму гучаньня. Як заявіў міністар інфармацыі Уладзімер Русакевіч, у выпадку непадпарадкаваньня загаду, радыёстанцыі будуць зачыненыя ці пазбаўленыя права вяшчаньня на тэрыторыі Беларусі.

Пакуль што ў “чорны сьпіс” міністэрства інфармацыі трапілі тры радыёстанцыі – “Радыё Юністар”, “Новае радыё”, якое належыць Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, і расейскае станцыя “Хіт-FM”.

У зьвязку з “Хіт-FM” застаецца шмат пытаньняў, паколькі рэтрансьляцыя на хвалях 100,4 – цалкам расейская, з маскоўскіх студыяў і з маскоўскімі вядоўцамі. Беларускі зьмест тут толькі ў навінах і рэкляме.

У рэдакцыях згаданых радыёстанцый навіну пра папярэджаньне камэнтуюць неахвотна. Называюць гэта альбо прыкрай памылкай, альбо зьбіраюцца заўтра па тлумачэньні ў Мінінфармацыі.

Намесьнік праграмнага дырэктара “Радыё Юністар” Ігар Сукманаў сказаў, што ніякіх пісьмовых ці нават тэлефонных паведамленьняў з гэтай нагоды кіраўніцтва радыё не атрымлівала.

(Сукманаў: ) “Мы не атрымлівалі ніякіх дакумэнтаў. Будзем рабіць запыт у міністэрства інфармацыі, паколькі нічога на рукі нам не даслалі. Увогуле, досыць абсурдная сытуацыя: пастфактум кажуць, што радыёстанцыі атрымалі папярэджаньні, а мы насамрэч нічога такога не атрымлівалі”.

Між тым, некаторыя супрацоўнікі згаданых станцый у кулюарах не хаваюць, што насычэньне эфіру сапраўды было далёкім ад запатрабаваных Лукашэнкам і міністэрствам інфармацыі 75%. Але – толькі з тае прычыны, што “насычаць” асабліва і няма чым. Сучасныя беларускія выканаўцы як дзьве кроплі падобныя на расейскіх поп-музыкаў, а па-сапраўднаму цікавыя беларускія гурты да зьяўленьня ў эфіры практычна забароненыя.

Дарэчы, Уладзімер Русакевіч у інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс” таксама сказаў, што неўзабаве папярэджаньні могуць атрымаць і іншыя FM-станцыі, якія спрабуюць падаць за беларусаў расейскіх выканаўцаў, якія даўно забыліся пра свае беларускія карані. Пры гэтым, відавочна, маюцца на ўвазе той жа Юры Антонаў, Алена Сьвірыдава, Барыс Майсеяў, ня кажучы ўжо пра беларусаў у больш позьнім пакаленьні. Хоць, дзеля справядлівасьці, пытаньне “беларускасьці” былых беларусаў будзе абмяркоўвацца дадаткова.
XS
SM
MD
LG