Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Было б дзіўна, калі б у Асьвенцыме прысутнічаў чалавек, які хваліў Гітлера”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У сьпісе афіцыйных дэлегацыяў, якія возьмуць удзел у сьяткаваньні 60-х угодкаў вызваленьня канцлягэру Асьвенцым дагэтуль няма беларускай. Між тым, адзін з высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў, які займаецца міжнароднымі дачыненьнямі і які пажадаў застацца ананімным, заявіў нашаму карэспандэнту, што “было б дзіўна, калі б у Асьвенцыме прысутнічаў чалавек, які хваліў Гітлера”.

Намесьнік дырэктара дэпартамэнту інфармацыі Міністэрства замежных справаў Польшчы Яраслаў Дрозд пацьвердзіў нашаму радыё, што ўдзел у сьвяткаваньні 60-х угодкаў вызваленьня Асьвенцыму можа ўзяць кожны:

(Дрозд: ) “Мы індывідуальна нікога не запрашаем. Тыя дзяржавы, якія хочуць узяць удзел у гэтым мерапрыемстве папросту заяўляюць пра сваю прысутнасьць”.

На пытаньне, ці былі б нейкія абмежаваньні, калі б у Асьвенцым захацеў прыехаць Аляксандар Лукашэнка, спадар Дрозд адказаў:

(Дрозд: ) “Такія абмежаваньні мне не вядомыя”.

Між тым адзін з высокапастаўленых польскіх чыноўнікаў, які займаецца міжнароднымі дачыненьнямі і які пажадаў застацца ананімным, у прыватнай размове заявіў, што, на ягоную думку, увогуле было б дзіўна, каб у мерапрыемствах, прысьвечаных угодкам вызваленьня найбуйнейшага фашысцкага канцлягэру, “браў удзел чалавек, які хваліў Гітлера і захапляўся створаным ім “нямецкім парадкам””.

У мерапрыемствах, прысьвечаных 60-м угодкам вызваленьня Асьвенцыму, што адбудуцца 27 студзеня, возьмуць удзел прэзыдэнты альбо прэм’ер-міністры ўсіх суседніх з Польшчай дзяржаваў, а таксама шэрагу іншых краінаў– агулам каля 40 кіраўнікоў дзяржаваў, уключна з каранаванымі асобамі.

У Асьвенцыме былі забітыя каля 1,5 мільёнаў чалавек, 85% зь якіх – габрэі.
XS
SM
MD
LG