Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малыя дзеці – рукі адрываюць, вялікія – сэрца непакояць


Алесь Аркуш, Полацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

У аэрапорце “Менск-2” мы чакалі прылёту майго старэйшага сына Антона, які вяртаўся са Злучаных Штатаў. Мы – гэта я і мае бацькі, Антонавы бабуля і дзядуля.

Выгляд у нас быў усхваляваны, і на тое была прычына. За тыдзень да вяртаньня на радзіму ў гарах пад Нью-Ёркам Антона ўкусіў нейкі заразны клешч, пасьля чаго сын некалькі дзён праляжаў у ізалятары міжнароднага летніку для падлеткаў.

Пакуль чакалі прылёту, маці некалькі разоў з трывогай згадала той непрыемны выпадак. “Малыя дзеці – рукі адрываюць, вялікія – сэрца непакояць”, – народнай мудрасьцю патлумачыла яна нашае агульнае хваляваньне.

Як “Боінг” выруліў да будынку аэрапорту, мы бачылі на свае вочы. Нарэшце, пасьля пашпартнага кантролю, пачалі выходзіць першыя пасажыры. Прайшло хвілін дваццаць, а Антона ўсё няма. Мама яшчэ раз згадала пра малых і дарослых дзяцей. Я прыкладаю правую руку да сэрца і кажу: “Ой, мама, маеш рацыю”.

Але вось у чарзе пасажыраў мільганула постаць сына. Антон убачыў нас і памахаў рукой. Стрымана. Як дарослы.

Малыя дзеці – рукі адрываюць, вялікія – сэрца непакояць. Гэтую асаблівасьць у дачыненьнях бацькоў і дзяцей кожны народ зафіксаваў ва ўласных прыказках. Па-расейску гэтая народная мудрасьць гучыць так: малые дети – малая печаль, большие дети – большая печаль.
XS
SM
MD
LG