Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э.Хайкен: “Не магу лічыць прысуд Марынічу справядлівым”


Юры Сьвірко, Менск Кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Хайкен зьбіраецца абмеркаваць справу Міхаіла Марыніча падчас паседжаньня Сталай рады АБСЭ ў Вене.

Амбасадар Хайкен паведаміў, што на гэтым тыдні паедзе ў Вену, дзе ў чацьвер Сталая рада АБСЭ заслухае выступ новага дзейнага старшыні гэтай арганізацыі Дымітрыя Рупэля — міністра замежных справаў Славеніі. Адным з пытаньняў, якое спадар Хайкен будзе абмяркоўваць падчас знаходжаньня ў Вене, будзе справа Міхаіла Марыніча, асуджанага на 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Эбэрхард Хайкен нагадаў, што офіс АБСЭ ў Менску сачыў за гэтым судовым працэсам, а некалькі дзён таму накіраваў у Вену ў штаб-кватэру АБСЭ дэтальную справаздачу пра гэты працэс. Адказваючы на маё пытаньне, ці можа АБСЭ зрабіць што-небудзь у справе Марыніча, спадар Хайкен заявіў:

(Хайкен: ) “Калі я пачуў гэты прысуд, я быў даволі ўстрывожаны. Я не магу лічыць, што гэты вэрдыкт справядлівы, і спадзяюся, што скарга, пададзеная спадаром Марынічам, будзе мець вынікам тое, што суд перагледзіць вырак першай інстанцыі. Я буду ў Вене цягам двух наступных дзён і даведаюся больш пра намеры дзейнага старшыні”.

Выступаючы на апошняй нарадзе міністраў замежных справаў краін АБСЭ ў Сафіі, шэф беларускага МЗС Сяргей Мартынаў скрытыкаваў дзейнасьць палявых місіяў АБСЭ, заклікаў рэфармаваць іх і паскардзіўся, што бюджэт некаторых місіяў складае мільён эўра, а кошт рэалізаваных імі праектаў — усяго толькі некалькі дзясяткаў тысяч эўра. Таму я спытаўся ў амбасадара Хайкена, ці адпавядае гэтым парамэтрам офіс АБСЭ ў Менску.

(Хайкен: ) “Наш прагнозны бюджэт на 2005 год — каля 950 тысяч эўра. Гэта адзін з найменшых бюджэтаў палявых місіяў. Я ня ведаю, ці меў на ўвазе міністар Мартынаў офіс АБСЭ ў Менску, але хацеў бы заявіць, што фінансавы аб’ём праектаў, ажыцьцёўленых намі ды з нашай падтрымкай, значна большы, чым некалькі тысяч эўра. Гэта наш бюджэт і пазабюджэтныя ўнёскі. Напрыклад, мы прыканцы мінулага году выдаткавалі 100 тысяч эўра для выданьня падручніка аб правах чалавека”.

Амбасадар Хайкен паведаміў Радыё Свабода, што гэты падручнік неўзабаве выйдзе ў адным зь дзяржаўных выдавецтваў Беларусі.
XS
SM
MD
LG