Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускіх палітыкаў нельга рабіць стаўкі ды гуляць у карты


Юлія Шарова, Менск Такую норму прадугледжвае новае палажэньне пра ажыцьцяўленьне дзейнасьці ў сфэры гульнявога бізнэсу ў Беларусі. Чыноўнікі тлумачаць гэта этычнымі меркаваньнямі, а наведнікі букмэкерскіх кантораў — прадказальнасьцю беларускіх выбараў ды рэфэрэндумаў.

Новае палажэньне забараняе арганізацыю азартных гульняў, у прыватнасьці, у тым выпадку, калі пагадненьне пра выйгрыш ці атрыманьне выйгрышу зьвязана з правядзеньнем рэфэрэндуму, выбараў, альбо іхнымі вынікамі. Іншымі словамі, на вынікі гэтых палітычных падзеяў нельга гуляць у карты, ісьці ў заклад ці рабіць стаўкі ў букмэкерскіх канторах. Прычыну такой забароны тлумачыць кансультант Міністэрства спорту й турызму Васіль Жукавец:

(Жукавец: ) “Відаць, непрыемна людзям, якія абіраюцца, што на іх робяць стаўкі. Бо былі моманты ў нас колькі гадоў таму, у часе выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Нехта спрабаваў ставіць — адразу гэта перапынілі”.

У дэмакратычных краінах такой забароны звычайна няма. Напрыклад, у часе апошніх выбараў у ЗША кожны ахвочы мог паставіць на Буша ці Кэры — там букмэкерскія канторы наагул лічацца баромэтрам папулярнасьці палітыка. У Вялікабрытаніі амаль паўстагодзьдзя таму зрабілі магчымым абсалютна законна ставіць на вынік усеагульных выбараў у каралеўстве ці ў іншай дзяржаве. Ва Ўкраіне зусім нядаўна прымалі стаўкі на Юшчанку і Януковіча.

Наведнікі менскіх букмэкерскіх кантораў лічаць, што ў Беларусі такая гульня папросту немагчымая, нават без адмысловых забаронаў — усім зразумела, на каго ставіць, каб выйграць. Таму стаўкі прымаліся й прымаюцца пераважна на спартовыя падзеі.

(Спадар: ) “Прадказальна ўсё. І так вядома, якога кандыдата абяруць, альбо хто стане прэзыдэнтам”.

(Другі спадар: ) “У спартовых падзеях можна ставіць з фаварытам, а на палітычныя падзеі звычайна ставак не прымаюць”.

(Трэці спадар: ) “Ужо ўсё заплачана. А тут ня хочуць даваць гуляць, бо баяцца, што лішнія грошы людзі возьмуць”.

Ці пакрыўдзіліся б беларускія палітыкі, калі б на іх паставілі ў букмэкерскай конторы? Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў, які мае ўдзельнічаць у паўторных парлямэнцкіх выбарах у Горадні, адказаў на гэтае пытаньне ляканічна:

(Фралоў: ) “Не, не пакрыўдзіўся б. Гэта такая ж гульня, як і ўсё жыцьцё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG