Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя вы мець шмат дзяцей, каб уратаваць беларускую нацыю?


Галіна Абакунчык, Менск Насельніцтва Беларусі ўжо на працягу дзесяці год скарачаецца: цяпер колькасьць жыхароў краіны складае менш за 10 мільёнаў чалавек. Ці гатовыя вы дзеля ўратаваньня беларускай нацыі мець шмат дзяцей? Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці гатовыя вы дзеля выратаваньня беларускай нацыі мець шмат дзяцей?”

(Юначка: ) “Калі была б такая магчымасьць, то безумоўна. Але пакуль такой магчымасьці няма — фінансавы стан ня вельмі дабранадзейны”.

(Юнак: ) “Напэўна, гатовы — я даўно хацеў мець шмат дзяцей. Праўда, яшчэ ня ведаю, калі ажанюся, але думаю, што дзяцей у мяне будзе шмат”.

(Юначка: ) “Я, канечне ж, ня супраць мець і трое, і чацьвёра дзяцей, але ці дазволіць мне маё матэрыяльнае становішча мець гэтулькі дзяцей? На сёньняшні дзень — не”.

(Юнак: ) “Не, я не гатовы, бо я жабрак”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці гатовыя вы мець шмат дзяцей?”

(Спадар: ) “Я ўжо маю маленькае дзіця — восем месяцаў у мяне дачка. Але, каб мець хоць яшчэ адно дзіця, трэба зарабляць шмат грошай. А каб зарабляць шмат грошай, патрэбна шмат часу. Я цяпер не спраўляюся, каб выдзеліць маёй дачцы пару хвілінаў. Я думаю, я не гатовы”.

(Спадарыня: ) “Не, бо для гэтага няма ніякіх умоваў. Якая дапамога на дзіця? Вельмі маленькая. Тым больш, цяпер такая экалёгія, што каб дзіця выгадаваць здаровым, гэта патрэбныя і вітаміны, і садавіна, і шмат іншага — гэта нерэальна цяпер. Гэта патрэбна вельмі вялікія даходы ў сям’і — нават самыя багатыя людзі ня хочуць нараджаць шмат дзяцей, што ўжо казаць пра бедных”.

(Юнак: ) “Не, бо ў нашай краіне эканамічнае становішча не дазваляе ўтрымліваць шмат дзяцей. І для выпраўленьня гэтага становішча нічога ня робіцца”.

(Юнак: ) “Шмат дзяцей? Я хацеў бы, але не магу. Не магу не ў пляне фізычным — з гэтым усё ў парадку, а ў тым сэнсе, што гэта каштуе грошай. Я думаю, нашыя людзі ведаюць, што многія сем’і, якія маюць дзяцей, гадуюць іх сацыяльна неадаптаванымі. Бо нарадзілі й ня ведаюць, што зь імі рабіць. Калі да гэтага ставіцца адказна, калі мець дзяцей, каб іх выхаваць адукаванымі і прыстойнымі людзьмі, то для гэта трэба даць магчымасьць бацькам зарабляць грошы. Трэба, каб дапамога ад дзяржавы была не прапагандай, не на словах, а рэальная. Бо рэальнае жыцьцё, у ім усё адбываецца наадварот”.
XS
SM
MD
LG