Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Гразнова прэзэнтавала “Хроніку парушэньня правоў чалавека ў 2004 годзе”


Альгерд Невяроўскі, Менск Арганізацыя “Праваабарончы альянс” падрыхтавала і прэзэнтавала 11 студзеня “Хроніку парушэньняў у Беларусі правоў чалавека ў 2004 годзе”. Старшыня гэтай арганізацыі Людміла Гразнова адзначае, што летась рэпрэсіі ўладаў супраць грамадзянскай супольнасьці Беларусі значна ўзмацніліся. У 2005 годзе праваабаронцы таксама не чакаюць палітычнай адлігі.

Намесьніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі і кіраўніца зарэгістраванага ў Літве “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова рыхтуе такія хронікі ўжо пяты год. У справаздачу за 2004 год трапілі парушэньні правоў чалавека па дзесяці разьдзелах. Гэта зьнікненьні вядомых у Беларусі асобаў, катаваньні, парушаныя правы на справядлівы суд, на свабоду слова, мірных сходаў і асацыяцыяў, на зьмену ўраду, правы прафсаюзаў.

Людміла Гразнова лічыць, што стан правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе істотна пагоршыўся. На яе думку, улады цалкам спынілі расьсьледаваньні справаў зьніклых. На розныя тэрміны пазбаўленьня волі асуджаныя грамадзкія дзеячы Міхаіл Марыніч, Валер Леванеўскі і Аляксандар Васільеў. Падчас выбарчай кампаніі быў прыпынены выхад 12 недзяржаўных газэтаў. Улады высылалі журналістаў з краіны, пазбаўлялі іх акрэдытацыі, штрафавалі і папярэджвалі. Невядомымі быў зьбіты Павал Шарамет і забітая Вераніка Чаркасава. У 2004 годзе супраць дзеячоў апазыцыі і грамадзкіх актывістаў заводзіліся шматлікія крымінальныя справы.

Паводле спадарылі Гразновай, значна больш людзей, чым у 2003 годзе, было з палітычных матываў аштрафавана, выключана з вышэйшых навучальных установаў і г.д. Людміла Гразнова гаворыць пра прычыны ціску ўладаў на грамадзянскую супольнасьць і робіць свой прагноз на 2005 год:

(Гразнова: ) “У мінулым годзе ціск на грамадзянскую супольнасьць узмацніўся. І галоўнай прычынай былі парлямэнцкія выбары й рэфэрэндум. Улады намагаліся зрабіць усё, каб атрымаць гэтую “элегантную перамогу”. Я не магу сказаць, што ў гэтым годзе будзе адліга. Лукашэнка знаходзіцца ў даволі цяжкіх абставінах і будзе рабіць усё, каб ня даць магчымасьці людзям зрабіць нармальны выбар у іх жыцьці”.

Сваю справаздачу спадарыня Гразнова перадасьць у міжнародныя і праваабарончыя арганізацыі.
XS
SM
MD
LG