Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенскія ўлады скасоўваюць арэнду з чатырма грамадзкімі арганізацыямі, у тым ліку з БНФ


Міхал Карневіч, Горадня Чатыры грамадзкія арганізацыі Горадні: гарадзкая рада БНФ “Адраджэньне”, абласная рада, рада Ленінскага раёну гораду і гістарычна-культурны клюб “Паходня” атрымалі сёньня прадпісаньне ад жыльлёва-эксплюатацыйнай службы Ленінскага раёну Горадні аб скасаваньні арэнднай дамовы. Падставай для гэтага стала заключэньне інстытуту “Горадняграмадзянпраект” аб аварыйна-небясьпечным стане будынку.

Згодна з прадпісаньнем, грамадзкія арганізацыі павінны скасаваць дамову арэнды і пакінуць будынак у старым горадзе па вуліцы Карла Маркса, 11 да 17 студзеня. На зварот старшыні гарадзкой рады БНФ “Адраджэньне” Міколы Ворана паказаць яму заключэньне аб абсьледаваньні будынку, начальнік эксплюатацыйнай службы Анатоль Літвін адказаў адмовай і параіў зьвяртацца ў аддзел арэнды гарвыканкаму з просьбай выдзяленьня іншага памяшканьня. Нагадаю, што менавіта па гэтым адрасе знаходзяцца юрыдычныя адрасы арганізацыяў.

Загадчык аддзелу інстытуту “Горадняграмадзянпраект” Леанід Бяляўскі сказаў мне, што заказ на абсьледаваньне будынку ён атрымаў з гарвыканкаму прыкладна за тыдзень да новага году. Пасьля праведзеных ім і ягонымі калегамі неабходных работаў высьветлілася, што будынак адносіцца да пятай катэгорыі тэхнічнага стану, гэта значыць, што ягоная эксплюатацыя павінна быць прыпынена. Са словаў Бяляўскага, яму асабліва шкада будаўнічай крамы, якая месьціцца на першым паверху, маўляў, столь там зусім ні на што ня гожа. Скасоўваецца арэнда і з офісам Партыі камуністаў беларускай — іх офіс на другім паверсе.

Мікола Воран, старшыня гарадзкой рады БНФ “Адраджэньне”, упэўнены, што высяленьне офісаў грамадзкіх арганізацыяў мае толькі адну прычыну — палітычную. Зь яго словаў, будынак на Маркса, 11 у такім стане знаходзіцца з таго часу, як зь імі заключылі арэнду. Але цяпер, як мяркуе Воран, настаў час, калі ўлады цалкам зачышчаюць палітычнае поле з тым, каб у далейшым, на новых прэзыдэнцкіх выбарах, не было ніякіх альтэрнатываў Аляксандру Лукашэнку.

Дарэчы, будынак на Карла Маркса, 11 — адзінае месца ў Горадні, дзе дагэтуль яшчэ лунае бел-чырвона-белы сьцяг.
XS
SM
MD
LG