Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі лічыць правамоцным выключэньне з “Народнай грамады” яе лідэра Міколы Статкевіча


Ганна Соусь, Менск Міністэрства юстыцыі палічыла правамоцным выключэньне зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” яе старшыні Міколы Статкевіча і прызнала выканаўцам абавязкаў старшыні партыі Ўладзімера Нісьцюка. Уладзімер Нісьцюк зьбіраецца правесьці ў суботу пазачарговы зьезд “Народнай грамады”. Мікола Статкевіч называе гэтую сытуацыю правакацыяй з боку ўладаў і не выключае, што партыя будзе існаваць у падпольных умовах.

Міністар юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў даслаў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю “Народная грамада” ліст, зь якога вынікае, што міністэрства не прызнае правамоцным рашэньне Менскага гаркаму партыі ад 8 сьнежня аб выключэньні з “Народнай грамады” Ўладзімера Нісьцюка, Віталя Малашкі і Юр’я Маркоўскага, і ў той жа час лічыць правамоцным выключэньне з партыі яе старшыні Міколы Статкевіча. Паводле міністра, выканаўцам абавязкаў старшыні “Народнай грамады” зьяўляецца Ўладзімер Нісьцюк. Вось як спадар Нісьцюк патлумачыў Радыё Свабода сутнасьць канфлікту:

(Нісьцюк: ) “Год ці паўтара таму мы пачалі заўважаць, што Мікалай Віктаравіч Статкевіч, паважаны чалавек, вялікі пэрспэктыўны палітык, пачаў кіраваць партыяй, як імпэратар. Менскі гаркам 11 сьнежня склікаў паседжаньне і на ім выключылі Мікалая Віктаравіча з партыі за шматлікія парушэньні. Мінюст вывучыў сытуацыю, і вынікам стаў гэты ліст. 15 студзеня ў суботу мы праводзім пазачарговы зьезд партыі. Так вырашыў Цэнтральны камітэт. Вырашым пытаньне з кіраўніцтвам партыі. Тое, што ў Мікалая Віктаравіча знаходзіцца пячатка, уся партыйная маёмасьць, партыйны архіў, будзем вырашаць спачатку спробай перамоваў, а калі калегі ня пойдуць насустрач, то будзем вырашаць з дапамогай праваахоўных врганаў”.

Сам Мікола Статкевіч у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што не прызнае рашэньня Міністэрства юстыцыі:

(Статкевіч: ) “Гэтая правакацыя выкліканая стратэгіяй партыі, якая на сваім зьезьдзе ўлетку заявіла, што зьбіраецца прапанаваць свайго лідэра ў якасьці адзінага кандыдата на прэзыдэнта ад праэўрапейскіх сіл Беларусі. Лукашэнка прызначыў сацыял-дэмакратам свайго старшыню. Партыя расцэньвае гэта як беспрэцэдэнтнае нават для беларускіх умоваў грубае ўмяшаньне ў свае справы. Цэнтральны камітэт партыі не прызначаў ніякіх зьездаў. Яны хочуць правесьці нейкі зьезд і забраць у партыі пасьведчаньне аб рэгістрацыі. Кіроўны рэжым, калі выдае гэтыя пасьведчаньні, то ён можа й забраць у нас пасьведчанье аб рэгістрацыі”.

Паводле Міколы Статкевіча, у такой сытуацыі партыя будзе працаваць без пасьведчаньня аб рэгістрацыі і працягне дзейнічаць у падпольных умовах.
XS
SM
MD
LG