Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацкія ўдзельнікі “аранжавай рэвалюцыі” раздавалі мінакам сувэніры


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Увечары 10 студзеня наваполацкія актывісты кааліцыі “5+” наладзілі раздачу мінакам сувэніраў “аранжавай рэвалюцыі”, а таксама друкаваных матэрыялаў аб палітычных падзеях у нашай краіне.

Сьведкамі падзеяў, якія ўвайшлі ў гістарычныя аналы пад назваю “аранжавай рэвалюцыі”, сталіся многія жыхары Наваполацка. Некаторыя зь іх выяжджалі ва Ўкраіну ў якасьці назіральнікаў на выбарах, іншыя былі там па прыватных запрашэньнях. Усе яны прывезьлі з братняй краіны процьму “аранжавых” сувэніраў, якія ўчора і раздавалі мінакам.

Апрача аранжавых закладак, стужак і каляровых плякатаў з выяваю Віктара Юшчанкі раздаваліся таксама брашуры пра зьніклых беларускіх палітыкаў ды іншыя матэрыялы. Непасрэдна гэтым займаліся дзьве групы, сфармаваныя зь сябраў партый БНФ і Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. Гаворыць старшыня наваполацкай філіі БСДГ Ігар Валяеў:

(Валяеў: ) “Я ня буду разважаць пра Юшчанку і Януковіча – у кожнага на гэты конт свая думка. Але я захапляюся ўкраінскім народам, які выйшаў і абараніў свой выбар. Сёньня мы вырашылі сваёй акцыяй нагадаць жыхарам Наваполацка аб “аранжавай рэвалюцыі”. Спадзяюся, што кожны, хто атрымаў нашыя матэрыялы, спытае сам сябе: а чым мы, беларусы, горшыя?”

Гэтым разам акцыя абышлася без затрыманьняў. Магчыма, таму, што групы працавалі ў мабільным рэжыме і не стаялі на адным месцы. А наагул у нас у Наваполацку з гэтай нагоды зьявілася показка пра тое, што хутка могуць узяцца за прадаўцоў бананаў, абвінавачваючы апошніх у падбухторваньні да “бананавай” рэвалюцыі.

Навапалачане, якія сталіся сьведкамі “аранжавай рэвалюцыі, у адзін голас сьцьвярджаюць, што ніякай рэвалюцыі насамрэч не было. Гаворыць малады народнафронтавец Зьміцер Каханчык:

(Каханчык: ) “Я не скажу за ўсю Ўкраіну, але ў Палтаве, дзе я быў назіральнікам, ніякай рэвалюцыі ня бачыў. Папросту там было волевыяўленьне ўкраінскага народу”.

Аналягічнай думкі прытрымліваецца і яшчэ адзін сябар Народнага фронту – Аляксей Трубкін:

(Трубкін: ) “Гэтымі днямі я таксама быў на Ўкраіне і ня бачыў аніякай рэвалюцыі. Папросту людзі, па-мойму, адстойвалі свой выбар. Яны жадаюць лепшай долі для сябе і сваіх дзяцей, каб яны жылі ў дэмакратычнай эўрапейскай дзяржаве. Гэтага жадаем і мы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG