Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ў паўтары разы павялічаць выраб пладовых вінаў


Севярын Квяткоўскі, Менск Урад вызначыў новыя квоты для алькагольнай прадукцыі. Згодна інфармацыі агенцтва “Інтэрфакс”, у Беларусі плянуюць павялічыць вытворчасьць натуральных пладовых вінаў і зьнізіць выраб адмысловых пладовых і вінаградных вінаў. Зьнізяцца таксама квоты на выраб гарэлкі, ліквора-гарэлачных вырабаў і брэндзі. Зь іншага боку, зьявіцца больш каньячных напоў і натуральныя вінаградныя віны.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, захады ўраду скіраваныя на зьмяншэньне ўжытку моцных алькагольных напояў. Але каб выразна акрэсьліць сытуацыю трэба патлумачыць, чым адрозьніваецца нямоцнае пладова-ягаднае віно ад моцнага адмысловага пладова-ягаднага віна.

І адзін, і другі від алькаголю ў народзе завецца “чарніла”. Але першы – звычайнае пладовае віно – робіцца на цалкам натуральнай аснове, а адмысловае адрозьніваецца дабаўленьнем сьпірту і выкарыстаньнем араматызатару. Вось тлумачэньне лекара Паўла Бабровіча:

(Бабровіч: ) “У пладова-ягадных вінах на парадак больш сівушных масел – цяжкіх сьпіртоў. Па-другое, пладова-ягадныя віны шкодныя з-за ўтрыманьня прымесяў, бо яны ўсе купажыраваныя. Купажыраваныя – гэта сумесь гатункаў. А адмысловыя – даведзеныя дадаткам этылавага сьпірту да патрэбнай кандыцыі”.

Такім чынам, выбар паміж пладова-ягадным віном і адмысловым пладова-ягадным віном ёсьць выбарам паміж шкодным і вельмі шкодным. Гаворыць дырэктар адной зь менскіх крамаў:

(Дырэктар: ) “Гэтыя віны як рэалізоўваліся, так і рэалізуюцца. Іх рэалізацыя ня зьменшылася. У Заводзкім раёне, прынамсі, не. Завадчане, рабочы кляс – яны бяруць звычайнае пладова-ягаднае віно”.

Падобная ж сытуацыя і ў вёсцы:

(Прадавачка: ) “Сёньня дзесяць скрыняў прывязуць, заўтра іх ня будзе. Сама болей п’юць, што там гаварыць”.

Варта дадаць, што апрача таго, што “чарнілы” самі па сабе не дадаюць здароўя спажыўцам, дык вытворцы патрапляюць парушаць тэхналёгію, што непасрэдна пагражае жыцьцю людзей. Сёлета пракуратура прыпыніла выраб “чарніла” ў шэрагу прадпрыемстваў. На прыкладзе адной Віцебскай вобласьці можна ўявіць дынаміку продажу алькагольных напояў у краіне: пладова-ягадныя віны складаюць 75 адсоткаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG