Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што чакае прадстаўнікоў дырэктарскага корпусу і бізнэсу ў 2005 годзе?


Міхал Стэльмак, Менск Як сьведчаць падзеі мінулых гадоў, у цэнтры гучных скандалаў, зьвязаных з арыштамі і затрыманьнямі, не аднойчы былі беларускія гаспадарнікі. Як вынікае з установак Аляксандра Лукашэнкі, у 2005 годзе гаспадарчая дзейнасьць застанецца сфэрай пільнай увагі праваахоўчых органаў. На апошніх сустрэчах з кіраўнікамі пракуратуры, суду, камітэту дзяржкантролю Лукашэнка запатрабаваў ад іх, каб яны строга сачылі за захаваньнем беларускага гаспадарчага заканадаўства. А паколькі эфэктыўнасьць дзейнасьці кожнага такога ведамства вызначаецца колькасьцю злоўленых парушальнікаў, то сёлета, як прагназуюць экспэрты, іх будзе ня меней як летась ці пазалетась.

Як зазначаюць назіральнікі, беларускія змагары з эканамічнай злачыннасьцю чамусьці вельмі часта выкрываюць гаспадарчыя парушэньні не па сьвежых сьлядах, а празь некалькі гадоў. І асабліва гэтая тэндэнцыя назіраецца тады, калі дзейнасьць суб’екта гаспадараньня патрапляе пад падазрэньне Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, загадаў Лукашэнка праверыць Менскі падшыпнікавы завод – і ў дзейнасьці ягонага дырэктара Валеры Пензы толькі зараз былі знойдзеныя парушэньні, зьдзейсьненыя нібыта два-тры гады таму.

Адметна і тое, што крымінальныя злачынствы праваахоўчыя органы вельмі часта знаходзяць у неабгрунтаваных, на іх думку, эканамічных сувязях зь іншымі суб’ектамі гаспадараньня. Таго ж спадара Пензу, як вядома, абвінавацілі ў заключэньні нявыгадных кантрактаў з расейскім акцыянэрным таварыствам “Экспобизнес ХХІ век”. Вось што зазначыў на гэты конт аналітык газэты “Беларускі рынак” у пытаньнях гаспадарчага права Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Па-першае, усе гэтыя абвінавачаньні грунтуюцца на нейкіх ацэначных катэгорыях. І яны суб’ектыўныя. Можна казаць, што гэта ішло на карысьць прадпрыемству, а можна й казаць – на шкоду. І даць адзнаку гэтым дзеяньням, насамрэч, вельмі цяжка. Тут трэба даказаць, што гэтае злачынства было зроблена наўмысна. І даказаць гэта вельмі цяжка. Але, ўлічваючы тое, што беларускія праваахоўчыя органы дзейнічаюць з абвінаваўчым ухілам, ня трэба зьдзіўляцца, што колькасьць гэтых справаў расьце і будзе надалей расьці”.

Як кажа спадар Балыкін, з пункту гледжаньня права віна гаспадарнікаў часта бывае суб’ектыўнай. Аднак, калі казаць пра той жа Менскі падшыпнікавы завод, то ягоны дрэнны эканамічны стан – катэгорыя аб’ектыўная. І, як вынікае з афіцыйных зьвестак, кіраўнік гэтага прадпрыемства мае дачыненьне да яго заняпаду.

Ці падзяляюць такую думку беларускія гаспадарнікі? Тыя зь іх, зь кім я меў гутарку на гэты конт, ухіляюцца ад публічнага абмеркаваньня арышту дырэктара Менскага падшыпнікавага заводу. Яно й зразумела: беларуская практыка апошняга дзесяцігодзьдзя засьведчыла, што вольнае слова ў асяродзьдзі дырэктараў і прадстаўнікоў бізнэсу, як правіла, мела для іх нэгатыўныя наступствы.

Разам з тым, гаспадарнікі насьцярожаныя, што Валеры Пенза абвінавачваецца ў такім крымінальным злачынстве як наўмыснае банкруцтва прадпрыемства. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага Георгі Бадзей:

(Бадзей: ) “У такой сытуацыі шмат прадпрыемстваў. І ўсім ім сказаць, што яны хацелі банкруцтва, то гэта, мабыць, няпраўда. Прадпрыемстваў, якія маюць даўгі большыя як усе іх актывы, я ведаю нямала”.
XS
SM
MD
LG